Пошук

Папа: дзеці пакутуюць ад праяў глабальнага маральнага крызісу

Нішто не вартае жыцця дзіцяці. Забіваць малых – значыць перакрэсліваць будучыню, - нагадаў Папа, заклікаўшы паглядзець на свет вачыма дзяцей і сказаць “не” вайне, гвалту і несправядлівасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

3 лютага 2025 года Пантыфік прыняў удзел у адкрыцці Міжнароднага саміту па правах дзяцей. Форум на тэму Любім і абараняем дзяцей праходзіць у Ватыкане з удзелам сусветна вядомых лідараў, сярод якіх каралева Іарданіі Ранія, амерыканскі палітык і экалагічны актывіст Ал Гор, былая прэзідэнт Інданезіі Мегаваці Сукарнапутры, Вялікі імам Аль-Азхара шэйх Аль-Таеб, былы старшыня Еўрапейскага цэнтральнага банка Марыё Драгі, італьянскі сенатар Ліліяна Сэгрэ, старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах, пісьменніца Эдзіт Брук, старшыня Інтэрпола Ахмед Насер Аль-Раісі і іншыя.

Францішак назваў недапушчальным, каб дзеці гінулі пад бомбамі, прыносіліся ў ахвяру бажкам улады, ідэалогій і нацыяналістычных інтарэсаў, што, на жаль, мы бачым амаль штодня ў апошні час. “На самай справе нішто не вартае жыцця дзіцяці. Забіваць малых – значыць перакрэсліваць будучыню”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў усё чалавецтва звярнуць увагу на сітуацыю “складаных перыферый”, пазначаных беднасцю, вайной, недахопам адукаванасці, несправядлівасцю і эксплуатацыяй. Ён заахвоціў не пакідаць на волю лёсу дзяцей, якія жывуць у такіх умовах, падлеткаў, якія пакутуюць ад дэпрэсіі ці сталі на шлях агрэсіі і самазнішчэння.

Сумна і трывожна, калі маладыя людзі, якія павінны быць знакам надзеі на будучыню, глядзяць у заўтрашні дзень “прыгнечаныя адсутнасцю працы і магчымасцей, што забівае мары”. “Часам імі пагарджаюць і нават прыгнятаюць тыя, хто павінен іх ахоўваць і выхоўваць; яны становяцца ахвярамі сварак, сацыяльных або псіхічных праблем, ці залежнасцей бацькоў”, - канстатаваў Пантыфік, адзначыўшы, што гэта датычыцца і развітых краін.

Дзеці пакутуюць ад шматлікіх праяў “глабальнага маральнага крызісу”, адзначыў Папа. На яго думку, скрадзенае дзяцінства – гэта нямы крык, які асуджае несправядлівасць эканамічнай сістэмы, злачыннасць войнаў, адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі і школьнай адукацыі. Ватыканскі саміт па правах дзяцей Пантыфік назваў адной з магчымасцей не паддавацца прызвычаенню да такіх трагедый і стымулам для таго, каб аднавіць “самае высакароднае, што ёсць у чалавечым сэрцы: літасць, міласэрнасць”.

Святы Айцец нагадаў, што каля 40 мільёнаў дзяцей былі перамешчаныя з прычыны канфліктаў, каля 100 мільёнаў не маюць дома. 170 мільёнаў дзяцей з’яўляюцца “ахвярамі прымусовай працы, гандлю людзьмі, жорсткага абыходжання і эксплуатацыі рознага роду, у тым ліку прымусовых шлюбаў”. Каля 150 мільёнаў дзяцей не маюць доступу да адукацыі і медыцынскай дапамогі.

Францішак заўважыў, што “цемра, кепскія пахі, холад, голад, бруд, страх, жыццё на вуліцы, страта бацькоў ці дома, пакінутасць, усе віды гвалту” пакідаюць у дзіцяці глыбокі след на ўсё жыццё.

“Погляд вачыма тых, хто перажыў вайну – гэта найлепшы спосаб зразумець неацэнную каштоўнасць жыцця. Але таксама і слуханне дзяцей, якія сёння жывуць ва ўмовах гвалту, эксплуатацыі ці несправядлівасці, спрыяе ўмацаванню нашага адмаўлення вайны, культуры адчужэння і нажывы, у якой усё купляецца і прадаецца без павагі і клопату пра жыццё, асабліва пра малое і безабароннае”, - сказаў Папа, згадваючы таксама пра праблему абортаў – “забойчую практыку, якая знішчае крыніцу надзеі для ўсяго грамадства”.

“Мы павінны ўсведамляць, што маленькія дзеці назіраюць, разумеюць і запамінаюць. І сваімі позіркамі і маўчаннем яны размаўляюць з намі. Давайце слухаць іх!”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

03 лютага 2025, 10:32