Францішак: свет патрабуе сведчання кансэкраваных асоб
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец узначаліў нешпары з нагоды XXIX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які штогод адзначаецца 2 лютага, у літургічнае свята Ахвяравання Пана. У гаміліі ён прапанаваў законнікам і законніцам паразважаць над значэннем манаскіх абяцанняў беднасці, чыстасці і паслухмянасці, якія яны складаюць.
Папа заўважыў, што святло беднасці мае карані ў жыцці самога Бога – вечным, дасканалым і ўзаемным дары Айца, Сына і Святога Духа. Ён падкрэсліў, што беднасць дапамагае пазбягаць эгаізму, прагнасці і залежнасцей, а таксама можа станавіцца сведчаннем велікадушнасці і салідарнасці.
Гаворачы пра чыстасць, Францішак адзначыў, што яна сведчыць пра “абсалютнае першынство Божай любові”, якая з’яўляецца прыкладам для кожнай іншай любові.
“Мы жывём у свеце, які часта перакручвае паняцце любові. Прынцып “мне так падабаецца” прымушае людзей шукаць у іншых хутчэй задавальнення ўласных патрэб, чым радасці плённай сустрэчы. Гэта прыводзіць да павярхоўнасці і нестабільнасці ў адносінах, эгацэнтрызму і геданізму, маральнай нясталасці і безадказнасці, калі муж і жонка на ўсё жыццё замяняюцца часовымі партнёрамі, а дзеці, замест таго каб быць прынятымі як дар, успрымаюцца як “права” або знішчаюцца як “перашкода”, - сказаў Папа. “Якім жа цудоўным лекам для душы з’яўляецца сустрэча з законнікамі і законніцамі, якія здольныя на сталыя і радасныя адносіны. Яны з’яўляюцца адлюстраваннем любові Бога”, - дадаў Пантыфік.
Паслухмянасць, па словах Францішка, можа быць проціяддзем ад “самотнага індывідуалізму”, бо яна прапануе “мадэль адносін, заснаваную на актыўным слуханні, дзе за “словамі” і “пачуццямі” ідзе канкрэтнасць “дзеянняў”, нават “коштам адмовы ад сваіх упадабанняў, планаў і пераваг”.
На заканчэнне гаміліі Папа заахвоціў кансэкраваных асоб вярнуцца да Хрыста, практыкаваць эўхарыстычную адарацыю і быць заўсёды гатовымі выконваць Божую волю.