Пошук

Святы Айцец: нашаму свету неабходна дыпламатыя надзеі

Перад рэальнай пагрозай сусветнай вайны нам патрэбна дыпламатыя надзеі, заснаваная на праўдзе, прабачэнні, свабодзе і справядлівасці, - нагадаў Папа паслам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“На жаль, мы пачынаем гэты год у той момант, калі свет раздзіраюць шматлікія канфлікты, малыя і вялікія, больш ці менш вядомыя, а таксама аднаўленне жахлівых актаў тэрору, як тыя, што нядаўна адбыліся ў Магдэбургу ў Германіі і Новым Арлеане ў Злучаных Штатах”, - падкрэсліў Святы Айцец 9 студзеня 2025 года падчас традыцыйнай аўдыенцыі для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, прымеркаванай да пачатку новага года.

Перад абліччам росту напружанасці і палярызацыі ў свеце, якім спрыяе распаўсюджванне фэйкавых навін, і выразам якога сталі нядаўнія замахі на прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіца і новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Папа заклікаў спрыяць пераадоленню падзелаў, недаверу і закрытасці.

“Я жадаю, каб Юбілей стаў для ўсіх, як хрысціян, так і нехрысціян, магчымасцю пераасэнсаваць адносіны, якія звязваюць нас як людзей і палітычныя супольнасці; пераадолець логіку канфрантацыі і прыняць логіку сустрэчы; каб час, які нас чакае, застаў нас не роспачнымі блукальнікамі, а пілігрымамі надзеі, гэта значыць людзьмі і супольнасцямі, якія ідуць па шляху будаўніцтва мірнай будучыні”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што, асабліва “перад усё больш рэальнай пагрозай сусветнай вайны, пакліканне дыпламатыі заключаецца ў спрыянні дыялогу з усімі, уключаючы суразмоўцаў, якія лічацца найбольш “нязручнымі” ці не разглядаюцца як легітымныя для вядзення перамоў”. Ён адзначыў, што гэта адзіны шлях, каб разарваць путы нянавісці, помсты, эгаізму і пыхі, якія ляжаць у аснове ваяўнічай волі, што нясе разбурэнні.

Святы Айцец вылучыў некаторыя рысы “дыпламатыі надзеі”, якая можа разагнаць густыя хмары вайны “абноўленым ветрам міру”. У першую чаргу яна павінна грунтавацца на праўдзе, пошук якой уласцівы чалавеку, але ўскладняецца рэлятывізмам і выкарыстаннем сродкаў камунікацыі і штучнага інтэлекту для маніпуляцыі сумленнямі з мэтай дасягнення эканамічных, палітычных і ідэалагічных мэт.

Папа звярнуў увагу на пасткі, звязаныя з развіццём сферы інфарматыкі і камунікацыі, напрыклад, звужэнне інтэлектуальных перспектыў, спрашчэнне рэальнасці, умацаванне трывожнасці і ізаляцыі, асабліва праз карыстанне сацыяльнымі сеткамі і відэагульнямі ў рэжыме анлайн.

Ён згадаў таксама пра праблему адвольнай інтэрпрэтацыі міжнародных дамоў і правоў чалавека, ідэалагічнай каланізацыі, якая імкнецца выкараніць традыцыі, гісторыю і рэлігійныя сувязі народаў, распаўсюджванне “культуры адмены” і прасоўванне так званага “права на аборт”, якое назваў “недапушчальным”.

Францішак заахвоціў спрыяць шматбаковай дыпламатыі і не адмаўляцца ад дыялогу як спосабу вырашэння канфліктаў. На яго думку, рэфармавання патрабуюць міжнародныя структуры, якія ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны, але больш не здольныя гарантаваць мір і стабільнасць, барацьбу з голадам і развіццё, дзеля якога яны былі створаны.

Пантыфік адзначыў, што “дыпламатыя надзеі” павінна быць “дыпламатыяй прабачэння”, якая дапамагае аднавіць адносіны, разарваныя нянавісцю і гвалтам, і паклапаціцца пра ахвяр. Святы Айцец заклікаў міжнародную супольнасць пакласці канец войнам ва Украіне і Сектары Газа, нагадаўшы пра велізарныя страты, якія канфлікты нясуць нявінным мірным жыхарам. Ён нагадаў, што войнам спрыяе распаўсюджванне зброі.

Францішак асудзіў рост антысемітызму і пераслед хрысціянскіх супольнасцяў. “Не можа быць сапраўднага міру без забеспячэння рэлігійнай свабоды, якая прадугледжвае права на свабоду сумлення і магчымасць публічнага вызнання сваёй веры і прыналежнасці да супольнасці”, - сцвердзіў ён. Папа звярнуў увагу на сітуацыю ў Сірыі, выказаўшы спадзяванне на тое, што ўсе жыхары гэтай краіны, у тым ліку хрысціяне, будуць удзельнічаць у будаванні агульнага дабра краіны.

Святы Айцец заахвоціў развіваць “дыпламатыю свабоды”, накіраваную на барацьбу з гандлем людзьмі, наркаманіяй і іншымі формамі сучаснага рабства. Папа нагадаў пра патрэбу клопату пра ахвяр гандлю людзьмі і мігрантаў, заклікаючы прыкласці намаганні для ліквідацыі асноўных прычын, якія прымушаюць людзей пакідаць свае родныя краіны.

Пантыфік адзначыў, што “дыпламатыя надзеі” павінна быць таксама “дыпламатыяй справядлівасці”, бо без справядлівасці не можа быць міру. У гэтым кантэксце ён заклікаў багатыя краіны прабачыць даўгі бедным, да чаго заахвочвае традыцыя Юбілейнага года. Францішак заахвоціў таксама адмовіцца ад смяротнага пакарання, бо сёння яно не можа лічыцца метадам, які аднаўляе справядлівасць.

На заканчэнне прамовы Папа нагадаў пра абавязак клапаціцца пра навакольнае асяроддзе і накіраваць фінансавыя рэсурсы на змякчэнне наступстваў змены клімату і праграмы спрыяння цэласнаму развіццю чалавека. Святы Айцец пажадаў дыпламатам квітнення надзеі ў сэрцах людзей і спаўнення жаданняў міру.
 

09 студзеня 2025, 11:25