Папа да Касцёла ў Іарданіі: палымнець верай, надзеяй і любоўю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак нагадаў, што “Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтвараць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму” (Lumen gentium, 9). “Паколькі гэта служэнне Божага народа здзяйсняецца таксама ў святынях, асабліва падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі, неабходна клапаціцца і пра прыгажосць дома Пана”, - падкрэсліў ён.
Папа адзначыў, што духавенства і вернікі ў Іарданіі з нецярпеннем чакаюць асвячэння касцёла Хросту Езуса на рацэ Ярдан, будаўніцтва якога вялося амаль 15 гадоў. Ён паведаміў, што вырашыў прызначыць кардынала Параліна сваім спецыяльным пасланнікам на гэту ўрачыстасць, адказваючы на просьбу мясцовых касцёльных уладаў.
Святы Айцец папрасіў Дзяржсакратара ўзначаліць Эўхарыстыю і заахвоціць удзельнікаў гэтай падзеі да яшчэ больш стараннага наследавання Хрыста. Папа адзначыў: “Неабходна, каб яны з новай сілай і новым запалам выяўлялі асаблівую любоў да Хрыстовага Касцёла і Евангелля, а таксама палымнелі цнотамі трывалай веры, жывой надзеі і любові да бліжніх”.
Пантыфік даручыў свайму легату прывітаць ад яго імя біскупаў, святароў, законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў, якія будуць браць удзел у кансэкрацыі новай святыні, а таксама грамадзянскія ўлады, прадстаўнікоў іншых рэлігій і ўсіх, хто падтрымлівае місію Касцёла, ідэю свабоды веравызнання, міру ў свеце і сапраўднага дабра чалавечай асобы.