Пошук

Святы Айцец: любоў – гэта святло, якое прыводзіць людзей да Бога

Як зорка сваім ззяннем прывяла мудрацоў у Бэтлеем, так і мы сваёй любоўю можам прывесці да Езуса людзей, якіх сустракаем, дазваляючы ім пазнаць у Божым Сыне, які стаў чалавекам, прыгажосць аблічча Айца і Яго любоў, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 студзеня 2025 года Францішак узначаліў эўхарыстычную цэлебрацыю ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане з нагоды ўрачыстасці Аб’яўлення Пана. У гаміліі ён разважаў над характарыстыкамі зоркі, якая вяла евангельскіх мудрацоў да нованароджанага Хрыста.

Зорка ззяла. Пантыфік заўважыў, што ў часы Езуса многія ўладары называлі сябе “зоркамі”, бо адчувалі сябе важнымі, магутнымі і знакамітымі. Але мудрацоў натхняла не святло гэтых уладароў. Штучнае і халоднае, яно было плёнам разлікаў і палітычных гульняў, таму не магло адказаць на патрэбу ў нечым новым і ў надзеі гэтых людзей, якія знаходзіліся ў пошуку. Усё гэта магло зрабіць іншае святло, сімвалам якога з’яўляецца зорка, што асвячае і сагравае, згараючы. “Зорка кажа пра адзінае святло, якое можа ўказаць усім шлях збаўлення і шчасця: святло любові”, - адзначыў Святы Айцец.

“Як зорка сваім ззяннем прывяла мудрацоў у Бэтлеем, так і мы сваёй любоўю можам прывесці да Езуса людзей, якіх сустракаем, дазваляючы ім пазнаць у Божым Сыне, які стаў чалавекам, прыгажосць аблічча Айца і Яго любоў, якой уласцівы блізкасць, спагада і ласкавасць. І мы можам рабіць гэта без надзвычайных прылад і складаных сродкаў, але робячы нашы сэрцы ззяючымі ў веры, нашы позіркі – велікадушнымі ў прыняцці, нашы ўчынкі і нашы словы – братэрскімі, поўнымі добразычлівасці і чалавечнасці”, - сцвердзіў Папа, заклікаўшы прасіць Бога ў малітве аб ласцы быць адзін для аднаго крыніцамі святла, якія вядуць да сустрэчы з Ім.

Францішак нагадаў, што бэтлеемская зорка была бачная ўсім, хто ўздымаў позірк да неба ў пошуку знака надзеі. Гэта таксама важнае пасланне, якое кажа, што Бог не адкрываецца нямногім выбраным, а шукае ўсіх, прыходзіць у свет, каб сустрэць кожнага чалавека, незалежна ад яго паходжання, мовы ці нацыянальнасці.

Бог заклікае і нас спрыяць распаўсюджванню культуры прыняцця. “Зорка кажа нам пра мару Бога: каб усё чалавецтва, у багацці сваіх адметнасцяў, змагло ўтварыць адзіную сям’ю і жыць у згодзе, росквіце і міры”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што бэтлеемская зорка ўказвае шлях і “запрашае нас здзейсніць духоўнае падарожжа, якое, як пісаў святы Ян Павел ІІ з нагоды вялікага Юбілею 2000 года, вызваліць нашы сэрцы ад усяго, што не з’яўляецца любоўю, каб “цалкам сустрэць Хрыста, вызнаючы нашу веру ў Яго і атрымліваючы багацце Яго міласэрнасці”. Толькі так, спазнаўшы навяртанне і прабачэнне, мы зможам абвяшчаць усім з місіянерскім запалам “блізкасць Божага Валадарства”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік пажадаў вернікам стаць агеньчыкамі, якія ўказваюць на Бога, як Марыя, быць шчодрымі ў прынясенні сябе ў дар, адкрытымі на прыняцце і пакорнымі ў супольным пілігрымаванні, каб маглі сустрэць Бога, распазнаць Яго, адараваць Яго і такім чынам несці ў свет святло Яго любові.
 

06 студзеня 2025, 10:41