Пошук

Аўдыенцыя для арганізатараў Green and Blue Festival Аўдыенцыя для арганізатараў Green and Blue Festival  (Vatican Media)

Пантыфік: рашэнні па клімаце будуць мець уплыў тысячы гадоў

Кліматычныя змены патрабуюць нашай адказнасці і моцна ўдараюць па самых бедных. Рашэнні прынятыя ў гэта дзесяцігоддзе будуць мець уплыў тысячы гадоў, - падкрэсліў Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа прыняў ў Ватыкане арганізатараў экалагічнага Green and Blue Festival, які пройдзе 6-8 чэрвеня ў Мілане. Аўдыенцыя адбылася з нагоды Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН 5 чэрвеня.

Францішак заўважыў, што ў цягам апошніх дзесяцігоддзяў у свеце расце ўвага да экалагічных праблем і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама заклапочанасць тым, што адбываецца з нашай планетай.

“Эксперты выразна падкрэсліваюць, што рашэнні і дзеянні, прынятыя ў гэтым дзесяцігоддзі, будуць мець уплыў на працягу тысяч гадоў. Павялічыліся нашы веды аб уплыве нашых дзеянняў на наш супольны дом і на тых, хто ў ім жыве і хто будзе жыць у ім. Гэта таксама ўмацавала наша пачуццё адказнасці перад Богам, які даверыў нам апеку над стварэннем, перад бліжнім і перад будучымі пакаленнямі”, - сказаў Папа.

“Калі чалавецтва постіндустрыяльнага перыяду застанецца ў памяці як адно з найбольш неадказных у гісторыі, то спадзяемся, што чалавецтва пачатку XXI стагоддзя будзе ўспамінацца таму, што велікадушна прыняло на сябе сур’ёзныя абавязкі”, - нагадаў Пантыфік словы са сваёй энцыклікі Laudato si’.

Францішак заўважыў, што экалагічная сітуацыя на планеце патрабуе адказнасці і ўзаемнага супрацоўніцтва. На яго думку, супольным ворагам сёння з’яўляюцца безадказныя паводзіны, якія ўплываюць на ўсё чалавецтва сёння і будуць рабіць гэта ў будучыні.

Папа адзначыў важнасць змены курсу, а таксама актуальных мадэляў спажывецтва і вытворчасці, якім уласціва “культура абыякавасці” і стварэнне чалавечых і прыродных “адкідаў”. Ён нагадаў, што адным з такіх крокаў з’яўляецца адмова ад выкарыстання і продажу аднаразовага пластыкавага посуду, што ўжо адбылося ў Ватыкане.

Пантыфік перакананы, што барацьба з экалагічнымі праблемамі з’яўляецца таксама цудоўным выклікам, які дасць магчымасць “перайсці ад культуры адчужэння да ладу жыцця, заснаванага на культуры павагі і клопату пра стварэнне і іншых людзей, блізкіх і далёкіх у прасторы і часе”.

“Неабходна паскорыць гэту змену курсу на карысць культуры клопату, (...) якая ставіць у цэнтр чалавечую годнасць і агульнае дабро. І няхай яна будзе натхняцца “тым саюзам паміж людзьмі і навакольным асяроддзем, які павінен быць адлюстраваннем творчай любові Бога, ад Якога мы паходзім і да Якога ідзем”, - сказаў Папа, заклікаючы не пазбаўляць новыя пакаленні надзеі на лепшую будучыню.
 

05 чэрвеня 2023, 12:01