Пошук

Папа падчас інтэрв'ю тэлеканалу Telemundo Папа падчас інтэрв'ю тэлеканалу Telemundo 

Святы Айцец: мір ва Украіне патрабуе дыялогу паміж бакамі

Мір ва Украіне наступіць у той дзень, калі бакі змогуць размаўляць паміж сабой, - падкрэсліў Святы Айцец у інтэрв’ю іспанамоўнаму амерыканскаму тэлеканалу Telemundo.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Адказваючы на пытанне пра стан свайго здароўя, Пантыфік заўважыў, што адчувае сябе добра. Праблема з каленам яшчэ застаецца і болі час ад часу ўзнікаюць, але працэс выздараўлення паступова працягваецца. Ён распавёў таксама, што яго нядаўняя шпіталізацыя з вострым рэспіраторным захворваннем была своечасовай: па словах урачоў, калі б тэрапія не была праведзена ў час, наступствы хваробы маглі б стаць больш сур’ёзнымі.

Папа прызнаўся, што моцна адчувае малітву вернікаў за сябе. Многія людзі не разумеюць, якую сілу дае пастырам іх малітва, але яна па-сапраўднаму “чыніць цуды”, - сказаў ён. Малітва вернікаў абараняе пастыра, з’яўляецца быццам яго даспехамі, - дадаў Святы Айцец.

Гаворачы пра рэформы ў Касцёле, Францішак у чарговы раз нагадаў, што рэалізуе тое, пра што казалі кардыналы падчас канклаву, на якім ён быў абраны Наступнікам святога Пятра.

Папа высока ацаніў умацаванне ролі свецкіх у прыняцці рашэнняў у Касцёле ў Італіі, а таксама прызнаўся, што яго хвалюе праблема клерыкалізму. “Ёсць краіны, у які вельмі моцны клерыкалізм”, - з жалем адзначыў ён, называючы гэту з’яву “скажэннем” – клерыкалізм звязаны з выкарыстаннем людзей, а пастыр не можа рабіць гэтага.

Размаўляючы пра вайну ва Украіне, Папа расказаў, што Уладзімір Зяленскі папрасіў яго паспрыяць вяртанню вывезеных у Расію ўкраінскіх дзяцей. Пантыфік заўважыў, што Украіна “не марыць аб пасрэдніцтве”, бо “ўкраінскі блок вельмі моцны” і карыстаецца падтрымкай Еўрапейскага Саюза і ЗША. Адказваючы на пытанне пра тое, ці павінна Украіна саступіць Расіі акупаваныя тэрыторыі, ён сказаў: “Гэта палітычная праблема. Мір будзе дасягнуты ў той дзень, калі яны змогуць размаўляць паміж сабой, альбо самі, альбо праз іншых”.

Даючы параду журналістам, Францішак заклікаў іх быць “паэтамі”, быць творчымі людзьмі, а не “капіравальнымі машынамі”, не займацца паклёпам, ачарненнем людзей, дэзынфармацыяй і пошукам скандальных і брудных навін.
 

26 мая 2023, 16:00