Пошук

Папа падчас сустрэчы ў рамках дзейнасці фонда Scholas Occurentes Папа падчас сустрэчы ў рамках дзейнасці фонда Scholas Occurentes  (ANSA)

Францішак: кожны чалавек мае права на павагу

Адукацыя моладзі – гэта абавязак бацькоў і ўсяго грамадства. Маладыя людзі, якія не закончылі школу, з’яўляюцца цяжарам для яго, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

25 мая 2023 года Францішак прыняў удзел у сустрэчы, прысвечанай адукацыйным і экалагічным выклікам, якая прайшла ў Патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум у Рыме па ініцыятыве Папскага фонда Scholas Occurentes. У форуме бралі ўдзел каля 50 мэраў гарадоў з Лацінскай Амерыкі і Еўропы, дыпламаты, прадстаўнікі бізнесу, культуры і спорту.

Анлайн да дыскусій далучыліся шматлікія юнакі і дзяўчаты з розных частак свету, якія мелі магчымасць задаць свае пытанні Святому Айцу. Напрыклад, дзяўчыну з Аргентыны цікавіла калі Папа здзейсніць падарожжа на сваю радзіму. “Мая ідэя – паехаць у наступным годзе, паглядзім, ці будзе гэта магчыма”, - адказаў ён.

Больш разгорнуты адказ Пантыфік даў на пытанне, якое тычылася надзвычайнай адукацыйнай сітуацыі ў многіх частках свету. “Колькі моладзі сёння не мае магчымасці атрымаць поўную адукацыю”, - сцвердзіў Францішак, заўважаючы таксама, што з-за адсутнасці належнага выхавання ў сексуальнай сферы юнакі і дзяўчаты нярэдка падвяргаюцца эксплуатацыі, напрыклад выкарыстоўваецца ў вытворчасці парнаграфіі.

“Адукацыя моладзі – гэта абавязак бацькоў і ўсяго грамадства. Маладыя людзі, якія не закончылі школу, з’яўляюцца цяжарам для яго”, - папярэдзіў удзельнікаў сустрэчы Святы Айцец. Папа назваў яшчэ адной сур’ёзнай праблемай цкаванне, якое можа нават знішчыць жыццё чалавека. “Кожны мужчына, кожная жанчына, кожны хлопец і кожная дзяўчына маюць абавязак быць самімі сабой і права на павагу”,- дадаў ён.

Францішак падзяліўся ўспамінамі пра адносіны са сваімі бабуляй і дзядулям, якія жылі недалёка ад дома яго бацькоў і заўсёды дапамагалі ў сям’і. “Я праводзіў час з маімі бабуляй і дзядуляй, слухаў іх мову, вучыўся ад іх. Я вёў з імі вельмі глыбокія размовы, слухаў па дзіцячы і навучыўся ад іх каштоўнасцям”, - прызнаўся Пантыфік, падкрэсліваючы таксама важнасць захавання сувязі з каранямі.

“Грамадства рушыцца калі перарываецца лучнасць паміж каранямі і сцяблом. Калі не чэрпаем жыццядайныя сокі праз карані – мы засыхаем”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы моладзь не пакідаць пажылых людзей самотнымі і вучыцца ад іх мудрасці.
 

26 мая 2023, 16:08