Пошук

Regina Caeli: Дух Святы вызваляе з турмаў страху

Божая любоў, якую нам дае Дух Святы, рассейвае страх, асвятляе дарогу, суцяшае, падтрымлівае ў нягодах, - сказаў Папа 28 мая 2023 года ў разважанні перад велікоднай малітвай Regina Caeli ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак з Літургіі слова (Ян 20, 19-23), Францішак нагадаў аб тым, што апосталы пасля смерці Езуса зачыніліся ў Вячэрніку, баючыся юдэяў. Увечары Пасхі Езус дыхнуў на іх, кажучы: “Прыміце Духа Святога”.

“Як часта з прычыны нейкай цяжкай сітуацыі, нейкіх асабістых ці сямейных праблем, пакут, якія нас спасцігаюць, або зла, якім дыхаем вакол сябе, мы павольна губляем надзею, нам не хапае смеласці ісці наперад? Тады, як апосталы, мы ўнутрана замыкаемся, барыкадуючыся ў лабірынце клопатаў. (...) Страх блакуе, паралізуе. Ён ізалюе: давайце падумаем пра страх перад іншымі, перад іншаземцамі, перад тымі, хто адрозніваецца, перад тымі, хто думае інакш. І нават можа быць страх перад Богам: што Ён мяне пакарае, што Ён мне перашкодзіць... Калі мы вызваляем месца для гэтых фальшывых страхаў, зачыняюцца дзверы: дзверы сэрца, грамадства і нават Касцёла! Там, дзе ёсць страх, ёсць закрытасць. А гэта нядобра”, - звярнуўся Пантыфік да сабраных на плошчы святога Пятра.

Ён адзначыў, што праз дар Духа Езус хоча вызваліць вучняў ад страху, які трымае іх зачыненымі, каб яны маглі выйсці і стаць сведкамі і прапаведнікамі Евангелля.

“Евангелле прапануе нам лек Уваскрослага – Духа Святога. Ён вызваляе з турмаў страху. Пасля атрымання Духа Святога апосталы пакідаюць Вячэрнік і ідуць у свет, каб дараваць грахі і абвяшчаць Добрую Навіну. Праз Яго пераадольваюцца страхі і адчыняюцца дзверы. Сапраўды, гэта робіць Дух Святы: Ён дае нам адчуць блізкасць Бога, і такім чынам Яго любоў рассейвае страх, асвятляе дарогу, суцяшае, падтрымлівае ў нягодах”, - звярнуў увагу Папа.

Ён заахвоціў вернікаў прасіць Духа Святога за сябе, за Касцёл, за ўвесь свет: “каб новая Пяцідзясятніца прагнала страхі, якія нас атакуюць, і распаліла агонь Божай любові”.

“Няхай заступаецца за нас Найсвяцейшая Панна Марыя, якая першай напоўнілася Духам Святым!” - завяршыў Францішак сваё разважанне перад велікоднай марыйна малітвай.
 

28 мая 2023, 12:39

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >