Пошук

Аўдыенцыя для біскупаў і дэлегатаў Сінадальнага шляху Касцёла ў Італіі Аўдыенцыя для біскупаў і дэлегатаў Сінадальнага шляху Касцёла ў Італіі  (AFP or licensors)

Пантыфік: Сінод – духоўны досвед навяртання і абнаўлення

Сінод заклікае нас стаць Касцёлам, які з радасцю, пакорай і крэатыўнасцю крочыць у нашым часе, усведамляючы, што ўсе мы ўразлівыя і маем патрэбу адзін у адным, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

24 мая 2023 года Францішак прыняў у Ватыкане біскупаў і дэлегатаў Сінадальнага шляху Касцёла ў Італіі. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра выключны “духоўны досвед навяртання і абнаўлення, які можа зрабіць касцёльныя супольнасці больш місійнымі і падрыхтаванымі да евангелізацыі ў актуальным свеце”.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей “цаніць патэнцыял, прысутны ў парафіях і розных хрысціянскіх супольнасцях”, а таксама даў некалькі іншых парадаў. У першую чаргу, на яго думку, важна не спыняцца, “працягваць шлях” з “пакорай, бескарыслівасцю і благаслаўленнямі”, якія павінны рысамі Касцёла.

Важна “не клапаціцца пра захаванне сябе і ўласных інтарэсаў, але служыць Евангеллю з бескарыслівасцю і клопатам, умацоўваючы свабоду і крэатыўнасць, уласцівыя сведкам радаснай навіны пра любоў Бога, застаючыся ўкаранёнымі ў тым, што самае істотнае”, - перакананы Папа. “Касцёлу, абцяжаранаму структурамі, бюракратыяй, фармалізмам будзе складана пілігрымаваць у гісторыі ў нагу з Духам насустрач людзям нашага часу”, - дадаў ён.

Святы Айцец адзначыў важнасць адзінства ў Касцёле, заклікаў пазбягаць падзелу на “кваліфікаваных працаўнікоў”, якія займаюцца душпастырскай дзейнасцю, і рэшту вернага Божага люду, які “застаецца толькі адрасатам іх дзейнасці”. Неабходна, каб кожны ахрышчаны актыўна ўдзельнічаў у жыцці і місіі Касцёла, пачынаючы са свайго паклікання, у адносінах з іншымі людзьмі і іншымі харызмамі, якія Святы Дух дорыць для дабра ўсіх. Нам патрэбны хрысціянскія супольнасці, “дзе ўсе змогуць адчуваць сябе як дома, дзе структуры і пастырскія сродкі спрыяюць не стварэнню малых груп, але радасці адчування сябе суадказнымі”, - сказаў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб Касцёл быў адкрытым на ўсіх. “Мы павінны спытацца ў сябе, колькі месца пакідаем і наколькі па-сапраўднаму слухаем у нашых супольнасцях голас моладзі, жанчын, бедных, расчараваных ці параненых у жыцці. Пакуль іх прысутнасць будзе заставацца спарадычнай ноткай ва ўсім касцёльным жыцці, Касцёл не будзе сінадальным, ён будзе Касцёлам нямногіх”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў да пераадолення самарэферэтнасці і “пэўнага роду “абарончага неаклерыкалізму”, спароджанага страхам, нараканнямі на свет, які больш нас не разумее, неабходнасцю паўтараць тое самае і імкненнем зрабіць адчувальным свой уплыў”. “Сінод заклікае нас стаць Касцёлам, які з радасцю, пакорай і крэатыўнасцю крочыць у нашым часе, усведамляючы, што ўсе мы ўразлівыя і маем патрэбу адзін у адным”, - падкрэсліў Францішак, заклікаючы таксама быць уважлівымі да турботаў сучаснага свету, выходзіць насустрач усім, каб абвяшчаць радасць Евангелля.
 

25 мая 2023, 12:10