Пошук

Папа да манахінь: гаворка не пра эфектыўнасць у вырашэнні спраў

Кавалак хлеба, якім дзеляцца з усмешкай, лепшы, чым вытанчаная страва, запраўленая халоднасцю і адсутнасцю любові, - нагадаў Папа, сустракаючыся 25 мая 2023 года з Малымі сёстрамі місіянеркамі міласэрнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак пажадаў прадстаўніцам манаскай кангрэгацыі, заснаванай ксяндзом Луіджы Арыёнэ, “быць паяднанымі з Езусам”. Гаворка не ідзе ні “пра культываванне ганарыстага і бясплоднага інтымізму ў духоўным і апостальскім жыцці, ні пра тое, каб стаць эфектыўнымі карпаратыўнымі кіраўнікамі”, - заўважыў Пантыфік. Наадварот, дадаў ён, “справа ў тым, каб зрабіць лад жыцця Езуса сваім, усё больш дазваляючы Яму дзейнічаць у нас, аддаючы сябе Яму”.

“Таму заўсёды дазваляйце, перш за ўсё, быць заваяванымі Панам, Яго жывой прысутнасцю ў Эўхарыстыі, у Яго Слове, у вас саміх дзякуючы Духу Святому. Памятайце, што, як маці, самы вялікі дар, які вы можаце даць дзецям, давераным вам Богам, – гэта перадаць ім сваю пяшчотную і гарачую любоў да Езуса, навучыць іх любіць і пазнаваць Яго, як вы ведаеце і любіце Яго, зрабіць іх удзельнікамі вашай веры ў Яго”, - звярнуўся Папа.

Быць побач з братамі – гэта яшчэ адна неабходная сёння ў манаскім жыцці рыса. Пантыфік заахвоціў сваіх госцей “заўсёды мець у адносінах паміж сабой і да іншых пачуццё мацярынскай пяшчоты, ніколі не халоднасці”. “Мы добра ведаем, што кавалак хлеба, якім дзеляцца з усмешкай, лепшы, чым страва, магчыма, вытанчаная, але запраўленая халоднасцю і адсутнасцю любові. Няхай вашы дамы і месцы служэння напоўняцца мацярынскім цяплом!” - заклікаў ён.

Паколькі Малыя сёстры займаюцца дзецьмі і падлеткамі, Францішак пажадаў, каб выхаванцы адчувалі сябе ў манаскіх дамах “як дома, у бяспецы, прынятымі без ацэнкі іх здольнасцей, поспехаў, сацыяльных умоў, паходжання і рэлігійнай прыналежнасці, паколькі маці любіць усіх, не робіць адрозненняў”.

Толькі такім чынам, перакананы Папа, можна “даць многім радасць і надзею, а таксама канкрэтны прыклад здаровага ладу жыцця, каштоўны асабліва для моладзі, якую часта дэзарыентуюць слабыя і пустыя экзістэнцыяльныя мадэлі”.
 

25 мая 2023, 11:58