Пошук

Regina Caeli: пераглядзець нашу гісторыю разам з Езусам

У святле Уваскрослага Укрыжаванага таксама і падзенне можа стаць крокам наперад, - падкрэсліў Папа перад малітвай Уладарка Неба, якую правёў 23 красавіка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў нядзельнае літургічнае чытанне пра сустрэчу ўваскрослага Езуса з двума вучнямі з Эмаус, якія, расчараваныя смерцю Настаўніка, вырашылі пакінуць Ерузалем і вярнуцца ў свой родны горад. Яны ішлі смутныя, размаўляючы пра апошнія падзеі, а калі Хрыстус далучыўся да іх, не пазналі Яго.

Езус папрасіў вучняў расказаць Яму пра тое, што здарылася, і дапамог паглядзець на ўсе падзеі па новаму, у святле Божага слова, - нагадаў Папа, прапанаваўшы паразважаць над гэтым аспектам.

“Таксама і нам важна пераглядзець нашу гісторыю разам з Езусам: гісторыю нашага жыцця, пэўнага перыяду, нашых дзён, з нашымі расчараваннямі і спадзяваннямі”, - сказаў Францішак, дадаючы, што таксама і мы як вучні з Эмаус можам адчуваць сябе разгубленымі, самотнымі і няўпэўненымі перад абліччам розных жыццёвых сітуацый.

“Евангелле запрашае нас сёння расказаць усё Езусу, шчыра, не баючыся патрывожыць Яго, без страху сказаць нешта не тое, не саромячыся таго, што нам бывае цяжка ўсё зразумець. Пан радуецца, калі мы адкрываемся перад Ім; толькі такім чынам Ён можа ўзяць нас за руку, весці нас і зноў зрабіць нашы сэрцы гарачымі. Таму, таксама і мы, як вучні з Эмаус, пакліканы размаўляць з Ім, бо, калі находзіць вечар, Ён застаецца разам з намі”, - запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік патлумачыў, што такой штодзённай вечаровай размовай з Хрыстом можа стаць кароткі рахунак сумлення, які заключаецца менавіта ў тым, каб пераглядзець мінулы дзень разам з Езусам: адкрыць Яму сэрца, распавесці Яму пра іншых людзей, пра прынятыя рашэнні, пра падзенні і спадзяванні. Гэта неабходна, каб паступова навучыцца глядзець на ўсё іншымі вачыма: не толькі нашымі, але таксама вачыма Хрыста.

“Такім чынам мы зможам перажыць досвед двух вучняў. Перад абліччам любові Хрыста, нават тое, што здаецца нам складаным і няўдалым, можа паўстаць у іншым святле: крыж, які цяжка прыняць, рашэнне прабачыць у адказ на крыўду; адмова ад помсты, цяжар працы, шчырасць, якая каштуе, выпрабаванні сямейнага жыцця могуць паўстаць у новым святле, святле Уваскрослага, які кожнае падзенне можа ператварыць у крок наперад. Але, каб зрабіць гэта, важна стаць безабароннымі: пакінуць час і месца Езусу, не хаваць нічога, прынесці Яму нашу мізэрнасць, дазволіць Яго праўдзе параніць нас, дазволіць сэрцу ўзрушыцца на подых Яго слова”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак зазначыў, што мы можам пачаць ужо сёння вечарам, прысвяціўшы час малітве, падчас якой спытаем сябе: як прайшоў мой дзень? Якія былі ў ім жамчужыны, магчыма, схаваныя, за якія трэба падзякаваць? Ці ўкладалі крыху любові ў тое, што рабілі? І якія падзенні, смуткі, сумненні і страхі, можам прынесці Езусу, каб Ён адкрыў нам новыя шляхі, падняў нас і падбадзёрыў? “Няхай Марыя, мудрая Дзева, дапаможа нам распазнаць Езуса, які ідзе побач з намі, і пераглядаць перад Ім кожны дзень нашага жыцця”, - завяршыў разважанне Папа.
 

23 красавіка 2023, 13:51

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >