Пошук

Святы Айцец: дзяліцца з бліжнімі жывой вадой Евангелля

Евангелле дае нам жывую ваду, якая можа зрабіць нас крыніцай палёгкі для бліжніх, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 12 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У гэту нядзелю Евангелле распавядае нам пра адну з самых прыгожых і захапляючых сустрэч Езуса – сустрэчу з Самаранкай. Езус і вучні спыняюцца каля студні ў Самарыі. Прыходзіць жанчына, і Езус кажа ёй: “Дай Мне піць”, - нагадаў Францішак, прапануючы паразважаць над гэтымі словамі Пана.  

Папа заўважыў, што Святое Пісанне паказвае нам спрагнёнага і стомленага Езуса, якога самаранка сустрэла пры студні ў самы спякотны час дня, апоўдні, і ў якой Ён, як жабрак, просіць вады. “Гэта вобраз прыніжэння Бога: у Езусе Бог прыніжаецца, каб адкупіць нас, каб прыйсці да нас. У Езусе Бог стаў адным з нас; прагнучым, як і мы, пакутуючым ад той жа прагі, што і мы”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што прага Езуса, насамрэч, была не толькі фізічнай: яна выражае найглыбейшую прагу нашага жыцця – перш за ўсё прагу нашай любові. “І яна выявіцца ў кульмінацыйны момант мукі, на крыжы; там, перад смерцю, Езус скажа: “Прагну”, - нагадаў Францішак.

Папа заўважыў, што “Пан, які просіць піць, насамрэч, гэта Той, хто дае піць: сустракаючы самаранку, Ён кажа ёй пра жывую ваду Святога Духа, а на крыжы пралівае кроў і ваду са свайго прабітага боку”. “Езус, які прагне любові, наталяе нашу прагу любові. І паступае з намі, як з самаранкай: выходзіць насустрач нам у штодзённым жыцці, раздзяляе нашу прагу, абяцае нам жывую ваду, якая струменіцца ў нас вечным жыццём”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што словы “Дай Мне піць”,  з’яўляюцца “не толькі просьбай Езуса да самаранкі, але заклікам – часам маўклівым, – які кожны дзень узносіцца да нас і заклікае нас клапаціцца пра прагу іншых людзей”.

“Дай мне піць, кажуць нам тыя – у сям’і, на працы, у іншых месцах, дзе мы бываем, – хто прагне блізкасці, увагі, слухання; кажуць нам тыя, хто прагне Божага Слова і мае патрэбу знайсці ў Касцёле аазіс, каб напіцца вады. Дай мне піць – гэта просьба нашага грамадства, дзе спешка, спажывальніцкая беганіна і абыякавасць спараджаюць засуху і ўнутраную пустэчу. І – не будзем забываць – дай мне піць – гэта вокліч многіх братоў і сясцёр, якім не хапае вады для жыцця, у той час як мы працягваем забруджваць і знявечваць наш агульны дом; таксама і ён, знясілены і перасохлы, “прагне”, - падкрэсліў Францішак.

“Перад абліччам гэтых выклікаў Евангелле сёння прапануе кожнаму з нас жывую ваду, якая можа зрабіць нас крыніцай палёгкі для іншых. І тады, як самаранка, якая пакінула свой збан ля студні і пайшла клікаць жыхароў горада, мы таксама не будзем думаць толькі пра тое, каб здаволіць нашу прагу, у тым ліку прагу любові, інтэлектуальную ці культурную, але з радасцю ад сустрэчы з Панам, зможам наталяць прагу іншых, даваць сэнс жыццю іншых, не як гаспадары, а як слугі таго Божага слова, якое заўсёды наталяе прагу; зможам зразумець іх прагу і дзяліцца любоўю, якую Ён даў нам”, - сказаў Папа.

 

12 сакавіка 2023, 12:43

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >