Пошук

Папа: сустрэча з Хрыстом – крыніца евангелізацыйнай руплівасці

Евангелізацыйная руплівасць нараджаецца з асабістай сустрэчы з Езусам, якая ўнутрана перамяняе нас, - сказаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 29 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны апостальскаму запалу, прапанаваўшы звярнуць увагу на “самага першага сведку” евангельскай руплівасці – апостала Паўла. Спачатку ён быў старанным юдэем, які імкнуўся знішчыць Касцёл, але потым, дзякуючы сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом, перамяніўся ў рупліўца Евангелля, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што Паўла перамяніла не ідэя ці перакананне, але менавіта сустрэча з Панам. Ён падкрэсліў таксама, што чалавечая сутнасць Паўла, яго гарачая любоў да Бога і Яго хвалы, не былі знішчаны, але пераменены, “навернуты Святым Духам”.

“Адзіны, хто можа змяняць нашы сэрцы – гэта Святы Дух”, - дадаў Пантыфік, параўноўваючы перамяненне Паўла з тым, што адбываецца ў Эўхарыстыі: “Хлеб і віно не знікаюць, але становяцца Целам і Крывёй Хрыста. Руплівасць Паўла засталася, але стала руплівасцю Хрыстовай”.

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў, што апостальскі запал у справе евангелізацыі – гэта не пытанне разумення ці вывучэння тэалогіі: яны вельмі карысныя, але не нараджаюць руплівасці і новага жыцця. Навяртанне прадугледжвае досвед “грэхападзення і ўваскрасення”, які спазнаў Павел і які ляжаў у аснове перамянення яго апостальскага энтузіязму. Неабходна ўнутраная перамена, глыбокая перамена сэрца, якая адбываецца ў выніку асабістай сустрэчы з Панам і робіць “новымі стварэннямі”: менавіта так стала са святым Паўлам і многімі іншымі святымі, якія, сустрэўшы Хрыста, паспяшылі несці Яго іншым.

Папа звярнуў увагу на парадаксальнасць перамен, што адбыліся ў святым Паўле: “Пакуль ён лічыў сябе праведным перад Богам, ён адчуваў сябе ў праве пераследаваць, арыштоўваць, нават забіваць, як у выпадку са Стэфанам. Але калі, прасветлены Уваскрослым Панам, ён убачыў, што быў “блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем” (пар. 1 Цім 1,13), тады атрымаў здольнасць па-сапраўднаму любіць”.

Пантыфік заклікаў вернікаў дазволіць, каб Пан перамяніў іх, падкрэсліваючы, што чалавек, які знайшоў Езуса, адчувае полымя ў сэрцы і як Павел пачынае прапаведваць Хрыста, дапамагаць людзям і рабіць добрыя ўчынкі. Без сустрэчы з Панам чалавек застаецца ўсяго толькі “ідэолагам хрысціянства”. “Няхай Пан дапаможа нам знайсці Езуса, сустрэць Езуса і няхай Езус зменіць наша жыццё і дазволіць дапамагаць іншым”, - пажадаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.
 

29 сакавіка 2023, 10:44

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >