Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Інстытута страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці Аўдыенцыя для дэлегацыі Інстытута страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці  (Vatican Media)

Францішак: павялічыць інвестыцыі ў бяспеку працоўных месцаў

На вяршыні нашай іерархіі каштоўнасцей павінна быць годнасць чалавека, - нагадаў Папа кіраўніцтву і супрацоўнікам італьянскага Нацыянальнага інстытута страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Без сацыяльнай абароны грамадства ўсё больш і боль трапляе ў няволю культуры адчужэння. Яно прыходзіць да падпарадкаванасці ўтылітарысцкаму погляду на чалавека, а не прызнанню яго годнасці. Жахлівую логіку, якую пашырае адчужэнне, можна абагульніць фразай: “Вы маеце каштоўнасць, калі вырабляеце”. Такім чынам, лічацца толькі тыя, каму ўдаецца заставацца ў цэнтры дзейнасці, ахвяры ж адстаўляюцца ўбок, лічацца цяжарам і давяраюцца апецы добрых сэрцаў сем’яў”, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі, якая 9 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Францішак нагадаў пра важнасць інвестыцый у бяспеку працоўных месцаў, падкрэсліваючы, што жыццё і здароўе чалавека – бясцэнныя. Пантыфік крытычна выказаўся адносна распаўсюджанай тэндэнцыі перакладаць віну за траўмы на вытворчасці на саміх ахвяр. Гэта знак “чалавечай беднасці”, у якую рызыкуем трапіць, калі згубім правільную іерархію каштоўнасцей, на вяршыні якой знаходзіцца годнасць чалавечай асобы, - папярэдзіў ён.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей натхняцца ў дапамозе ахвярам евангельскай прыпавесцю пра Добрага Самараніна. “Калі чалавек звяртаецца па дапамогу, апынаецца ў пакутах і рызыкуе застацца пакінутым на ўзбочыне дарогі грамадства, фундаментальнай з’яўляецца хуткая і эфектыўная прыхільнасць такіх устаноў, як ваша, якія рэалізуюць у сваёй працы дзеясловы з евангельскай прыпавесці: убачыць, злітавацца, наблізіцца, перавязаць раны, паклапаціцца”, - адзначыў Пантыфік.

Убачыць – значыць адносіцца да чалавека не проста як да лічбы, але як да ўнікальнай асобы; злітавацца – адчуваць на ўласнай скуры пакуты іншага, не быць абыякавымі, не адварочваць позірку; наблізіцца – значыць не дыстанцыравацца і разбураць бар’еры; перавязаць раны – прысвячаць час, адрынаць рознага роду бюракратычныя спакусы, імкнуцца прыняць і зразумець чалавека; паклапаціцца – значыць узяць на сябе адказнасць, агарнуць цэласным клопатам асобу, якая ў выніку здарэння была вымушана пакінуць працу, а гэта патрабуе крэатыўнага падыходу, а не фальшывай літасці.

“Дарагія сябры, дазволім узрушыць сабе ранамі нашых братоў і сясцёр і пойдзем шляхамі братэрства”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што абыякавасць – прыкмета адчайнага і пасрэднага грамадства.
 

09 сакавіка 2023, 12:16