Пошук

Кардынал Карл-Ёзэф Раўбер з Францішкам Кардынал Карл-Ёзэф Раўбер з Францішкам 

Пантыфік пра заслугі памерлага нямецкага кардынала Раўбера

Яго святарскае і біскупскае жыццё было асаблівым чынам адзначана служэннем Наступніку Пятра, “пастаяннай, бачнай крыніцы і асновы еднасці”, - напісаў Папа, узгадваючы кардынала Карла-Ёзэфа Раўбера, які памёр 26 сакавіка 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак накіраваў спачувальную тэлеграму біскупу Майнца Пэтэру Кольграфу. На тэрыторыі кіраванай ім дыяцэзіі знаходзіцца Ротэнбург, дзе памёр ганаровы рэктар Папскай касцёльнай акадэміі.

Пантыфік выказаў смутак з прычыны смерці кардынала Раўбера. “Памерлы аддана працаваў на карысць еднасці Божага народа як у Рымскай курыі, так і ў розных частках свету ў якасці апостальскага нунцыя. Як сапраўдны пастыр Касцёла, ва ўсёй сваёй дзейнасці ён быў напоўнены любоўю Хрыста, Які дапамагаў яму не захоўваць яе для сябе, але свабодна і з радасцю перадаваць людзям. Няхай ён цяпер вечна ўсхваляе міласэрную любоў Хрыста, Адкупіцеля”, - напісаў Святы Айцец пасля смерці іерарха, якога асабіста 14 лютага 2015 года ўключыў у Калегію кардыналаў.

У пачатку сваёй дыпламатычнай кар’еры Раўбер служыў дарадцам нунцыятур у Бельгіі, Люксембургу і Грэцыі, а ў 1983 годзе быў прызначаны апостальскім пранунцыем ва Угандзе. Біскупскае пасвячэнне ён атрымаў з рук Яна Паўла II. З 1990 да 1993 года быў кіраўніком Папскай касцёльнай акадэміі.

Пасля іерарх служыў нунцыем у шэрагу еўрапейскіх краін: з 1993 года – у Швейцарыі і Ліхтэнштэйне, з 1997-га – у Венгрыі і Малдове, з 2003 па 2009 год – у Бельгіі і Люксембургу. Выйшаў на пенсію ў 2009 годзе.

Пасля гэтага арцыбіскуп Раўбер жыў у Ротэнбургу. Яго здароўе пагоршылася ў апошнія месяцы пасля перанесенага COVID-19.

Са смерцю кардынала Раўбера ў Калегіі кардыналаў застаецца 222 іерархі. 123 з іх маюць права голасу на магчымым канклаве.
 

29 сакавіка 2023, 10:40