Пошук

Папа на агульнай аўдыенцыі: прабываць з Хрыстом і ісці да людзей

Пра важнасць прабывання з Богам і дзялення дарам веры, маючы гатоўнасць ахвяраваць сабой, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 лютага 2023 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельзацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, звяртаючы ўвагу вернікаў на прыклад першых вучняў Хрыста. Папа нагадаў, што Езус “устанавіў Дванаццаць, якіх назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць” (3,14). Гэтыя словы могуць здавацца супярэчаннем, бо вучань або прабывае з Хрыстом, або ідзе прапаведваць, - зазначыў Пантыфік, прапануючы паразважаць над сэнсам гэтым слоў.

Святы Айцец падкрэсліў, што немагчыма ісці прапаведваць, не прабываючы з Хрыстом. “Абвяшчэнне нараджаецца ў выніку сустрэчы з Панам; кожная хрысціянская дзейнасць, асабліва місійная, пачынаецца з гэтага. Сведчыць пра Яго, насамрэч, значыць выпраменьваць Яго; але, калі мы не атрымаем Яго святла, не будзем ззяць; калі не сустракаемся з Ім, тады будзем несці іншым сябе, а не Яго; і ўсё будзе марна. Такім чынам, Евангелле Езуса можа несці толькі той, хто прабывае з Ім”, - сцвердзіў Францішак

Папа адзначыў таксама, што гэта тычыцца і адваротнага: немагчыма прабываць з Езусам не ідучы да людзей. “Без абвяшчэння, без служэння, без місіянерства адносіны з Ім не развіваюцца. Заўважым, што ў Евангеллі Пан пасылае вучняў да таго, як завяршыў іх падрыхтоўку: як толькі паклікаў іх, адрасу паслаў! Гэта значыць, што місіянерскі досвед з’яўляецца часткай фармацыі. Давайце будзем памятаць пра гэтыя два важныя моманты для кожнага вучня: прабываць і ісці”, - заахвоціў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што, адпраўляючы вучняў прапаведваць, Хрыстус звярнуўся да іх з “місіянерскай прамовай”, у якой патлумачыў чаму, што і як трэба прапаведваць. Яна змяшчаецца ў 10 раздзеле Евангелля святога Мацвея і з’яўляецца “канстытуцыяй” прапаведвання, - нагадаў Папа.

Святы Айцец патлумачыў, што матывацыя для прапаведвання крыецца ў словах: “Задарма атрымалі, задарма давайце”. “Сустрэць Езуса, пазнаць Яго, асэнсаваць, што мы любімыя і збаўленыя – гэта настолькі вялікі дар, што мы не можам трымаць яго для сабе; радасцю быцця дзецьмі Бога, прысутнай у нас, трэба дзяліцца з братамі і сёстрамі, якія яшчэ не ведаюць Яго!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Гаворачы пра змест прапаведвання, Францішак нагадаў словы Хрыста: “Абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Трэба нагадваць людзям, што Пан побач. “Прапаведуючы, мы часта заклікаем людзей рабіць нешта, і гэта добра; але давайце не будзем забывацца, што галоўнае пасланне заключана ў тым, што Ён побач з намі... Прыняць Божую любоў складаней, бо мы заўсёды хочам быць у цэнтры, быць галоўнымі героямі, мы больш схільныя дзейнічаць, чым дазваляць выхоўваць сябе, больш гаварыць, чым слухаць... Але ў прапаведванні першаснасць належыць Богу, а іншым людзям дадзена магчымасць прыняць Яго і асэнсаваць, што Ён побач”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Кажучы пра тое, як трэба прапаведваць, Папа заўважыў, што гэта “аспект, на якім найбольш засяроджваецца Езус”, бо ў сведчанні вельмі важныя стыль і спосаб. Хрыстус пасылае сваіх вучняў, як “авечак сярод ваўкоў”: не просіць змагацца з ваўкамі, спрачацца з імі, супрацьстаяць ім ці бараніцца ад іх. Мы думаем, што “станем значнымі, шматлікімі, прэстыжнымі і свет будзе слухаць і паважаць нас”, але Хрыстус просіць нас стаць падобнымі да лагодных і нявінных ягнят, гатовымі ахвяраваць сабой. Ён жа, “Пастыр, пазнае сваіх ягнят і бароніць іх ад ваўкоў”, - запэўніў вернікаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў таксама, што заклікаючы вучняў не браць з сабой ні золата, ні срэбра, ні іншых рэчаў, Езус заахвочвае не пакладаць надзею на матэрыяльныя даброты, а ісці ў свет без мірской мітусні. “Трэба паказваць Езуса, больш чым разважаць пра Яго”, - сцвердзіў Пантыфік, падкрэсліваючы таксама, што місіянеры не павінны дзейнічаць у адзіночку. “Такім чынам, трэба ісці з лагоднасцю і добрынёй, як ягняты, без мірской мітусні, ісці разам. Менавіта тут знаходзіцца ключ да прапаведвання, да поспеху евангелізацыі. Давайце прымем гэтыя настаўленні Езуса: няхай Яго словы будуць для нас арыенцірам”, - заклікаў на завяршэнне катэхезы Францішак.
 

15 лютага 2023, 11:19

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >