Пошук

Папа ў Конга: прымірэнне можа адчыніць дзверы ў будучыню

“Вашы слёзы – мае слёзы, ваш боль – мой боль”. “Касцёл заўсёды быў і будзе на вашым баку. Бог любіць вас. Ён не забыўся на вас. Але людзі таксама павінны памятаць пра вас!” – сказаў Францішак,, сустракаючыся 1 лютага 2023 года з пацярпелымі ад насілля на ўсходзе ДРК.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча прайшла ў апостальскай нунцыятуры ў Кіншасе.

Па словах Папы, сведчанні пацярпелых аб бесчалавечным гвалце, які яны перажылі, шакуюць, астаўляюць без слоў і выклікаюць слёзы. Міжнародныя СМІ амаль ніколі не згадваюць пра такія мясціны, як Буніа, Бутембо, Гома, Масісі, Рутшуру, Букаву, Увіра, дзе “шматлікія нашы браты і сёстры, сыны і дачкі нашай адзінай чалавечай сям'і, сталі закладнікамі” тых, хто валодае зброяй.

Асуджэнне ганебнага насілля

Папа асудзіў узброенае насілле, масавыя забойствы, згвалтаванні, разбурэнне і акупацыю вёсак, разрабаванні, якія працягваюць здзяйсняцца ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, а таксама незаконную эксплуатацыю багаццяў краіны і спробы раскалоць яе. Паводле Пантыфіка, выклікае абурэнне ўсведамленне таго, што адсутнасць бяспекі, гвалт і вайна ганебна падсілкоўваюцца не толькі знешнімі сіламі, але і знутры, дзеля пераследу прыватных інтарэсаў і выгады. Канфлікты прымушаюць мільёны людзей пакідаць свае дамы, прыводзяць да вельмі сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, руйнуюць сацыяльна-эканамічную структуру нацыі і наносяць раны, якія цяжка загаіць.

“Які скандал і якая крывадушнасць, калі людзей гвалцяць і забіваюць, у той час як гандаль, пабудаваны на гвалце і смерці, працягвае квітнець!” – асудзіў Святы Айцец вайну, развязаную ненасытнай прагнасцю да сыравіны і грошай. Францішак звярнуўся з шчырым заклікам да тых, хто ўзбагачаецца за кошт нявінных ахвяр: “Складзіце сваю зброю, пакладзіце канец вайне. Хопіць! Перастаньце багацець за кошт бедных, перастаньце багацець з дапамогай рэсурсаў і грошай, палітых крывёю!”

Заклік дэмілітарызаваць сэрцы

На пытанне аб тым, як неабходна дзейнічаць, каб спрыяць міру, Пантыфік прапанаваў пачаць з двух адказаў не і двух адказаў так.

Па-першае, сказаць не насіллю. “Любіць свой народ не значыць сілкаваць нянавісць да іншых” – зазначыў Папа, заклікаўшы кангалезцаў ліквідаваць карані гвалту: прагнасць, зайздрасць, абурэнне, а таксама мець мужнасць абяззброіць сэрца. “Гэта не значыць, што мы павінны перастаць абурацца перад тварам зла або асуджаць яго. Не, гэта наш абавязак! – падкрэсліў Папа. – Тое, што ад нас патрабуецца, - гэта дэмілітарызаваць нашыя сэрцы, выдаліць увесь яд, адкінуць нянавісць”, бо мір нараджаецца ў сэрцах, свабодных ад крыўд.

Другое не, на думку Папы, трэба сказаць роспачы, расчараванню. Ён заклікаў кангалезцаў “не здавацца, а прысвяціць сябе пабудове лепшай будучыні”. “Хоць мірная будучыня не пральецца дажджом з нябёсаў, яна можа наступіць, калі мы выдалім з нашых сэрцаў фаталізм і пакору, страх перад адносінамі з іншымі, - адзначыў Святы Айцец. - Новая будучыня наступіць, калі мы будзем ставіцца да іншых людзей, будзь то тутсі або хуту, не як да супернікаў ці ворагаў, а як да братоў і сясцёр.”

Сказаць так прымірэнню і надзеі

Святы Айцец прапанаваў кангалезцам сказаць так прымірэнню. Узяць на сябе абавязацельства дараваць адзін аднаму і адмовіцца ад войнаў і канфліктаў як сродкаў вырашэння рознагалоссяў. Памаліцца разам, сабраўшыся вакол дрэва крыжа, пад якім скласці сімвалы насілля: уніформу, мачэтэ, малаткі, сякеры, нажы... “Толькі прабачэнне можа адчыніць дзверы ў будучыню. Прымірыцца – значыць стварыць новы дзень. Гэта значыць верыць у будучыню, а не заставацца прывязаным да мінулага. Гэта значыць рабіць стаўку на мір, а не змірыцца з вайной”, - сказаў Францішак.

Нарэшце, вырашальнае так неабходна сказаць надзеі. Калі прымірэнне – гэта дрэва, то надзея – гэта вада, якая дазваляе дрэву квітнець. “У надзеі ёсць крыніца, і ў гэтай крыніцы ёсць імя, якое я хачу абвясціць разам з вамі: Езус!” – сказаў Папа, дадаўшы, што “з Езусам зло больш не мае апошняга слова над жыццём. З Езусам нараджаецца і пастаянна адраджаецца надзея: для тых, хто зведаў зло, і нават для тых, хто яго здзейсніў”.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец благаславіў усіх сейбітаў міру, а таксама кожнае дзіця, кожнага дарослага, кожнага сталага чалавека, усіх тых, хто пацярпеў у выніку гвалту ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, і ў асаблівасці, кожную жанчыну і кожную маці, бо “гвалт у адносінах да жанчын і маці - гэта гвалт над самім Богам”. Францішак звярнуўся да Езуса, Бога прымірэння і надзеі, з просьбай праліць святло суцяшэння ў сэрцы, сем'і і на ўсю Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

01 лютага 2023, 17:50