Пошук

Анёл Панскі ў Джубе: ніколі не губляйце надзеі

Папа ўзначаліў 5 лютага 2023 года ў Джубе малітву Анёл Панскі. Гэта быў апошні афіцыйны пункт яго падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падзякаваў дзяржаўным уладам і мясцоваму Касцёлу за сардэчны прыём. Ён таксама выказаў удзячнасць Архіепіскапу Кентэрберыйскаму Джасціну Уэлбі і мадэратару Генеральнай асамблеі Царквы Шатландыі Іэну Грыншылдсу, якія правялі з ім разам гэта мірнае экуменічнае падарожжа.

Пантыфік прызнаўся, што хоча пакінуць кожнаму надзею, цесна пераплеценую з мірам. Марыі, Каралеве супакою, ён даверыў мірны працэс у Паўднёвым Судане і на ўсім афрыканскім кантыненце, а таксама ва Украіне.

“Я ўдзячны ўсім вам, браты і сёстры, якія прыбылі сюды ў вялікай колькасці з розных куткоў, многія з вас падарожнічалі гадзінамі, а можа нават і днямі! У дадатак да любові, якую вы засведчылі мне, я дзякую вам за вашу веру, за вашу цярплівасць, за ўсё добрае, што вы робіце, і за намаганні, якія вы ахвяруеце Богу, не губляючы духу, ведаючы, як ісці наперад. Касцёл у Паўднёвым Судане застаецца адважным, звязаным з Касцёлам у Судане”, - звярнуўся Святы Айцец да вернікаў.

Францішак падчас Эўхарыстыі ў Джубе
Францішак падчас Эўхарыстыі ў Джубе

Ён спаслаўся на святую Жазэфіну Бакіту, якую назваў “цудоўнай жанчынай, што з дапамогай Божай ласкі перамяніла свае пакуты ў надзею”. “Надзеі, якая нарадзілася ў ёй і выкупіла яе, яна не магла трымаць у сабе. Яна павінна была ахапіць ёй многіх, ахапіць усіх”, - напісаў Бэнэдыкт XVI. Надзея – гэта слова, якое я хацеў бы пакінуць кожнаму з вас як дар, якім можна дзяліцца, як зерне, якое прыносіць плён. Як нагадвае нам асоба святой Жазэфіны, надзея носіць жаночы характар, і я хацеў бы падзякаваць усім жанчынам гэтай краіны асаблівым чынам і блаславіць іх”, - адзначыў Францішак.

З надзеяй Папа звязаў слова мір. “Разам з маімі братамі Джасцінам і Іэнам, якім я дзякую ад усяго сэрца, мы прыбылі сюды і будзем працягваць суправаджаць вашыя крокі, робячы ўсё магчымае, каб зрабіць іх крокамі міру, крокамі да міру. Хачу даверыць гэты шлях паяднання і супакою іншай жанчыне, самай вялікай і адначасова найменшай, самай узнёслай і адначасова самай блізкай да нас, да кожнага з нас – нашай любячай Маці Марыі, Каралеве супакою”, - працягнуў свой зварот Святы Айцец.

Менавіта Багародзіцы ён даверыў “справу міру ў Паўднёвым Судане і на ўсім афрыканскім кантыненце”, дзе многія хрысціяне “церпяць пераслед і небяспеку, дзе так шмат людзей пакутуе ад канфліктаў, эксплуатацыі і галечы”.

“Мы таксама давяраем Маці Божай справу міру ў свеце, асабліва ў шматлікіх краінах, якія знаходзяцца ў стане вайны, як, напрыклад, змучаная Украіна”, - сказаў Пантыфік.

"Вы ў маім сэрцы, вы ў нашых сэрцах, у сэрцах хрысціян усяго свету! Ніколі не губляйце надзеі. І няхай магчымасць будаваць мір не будзе змарнаваная. Няхай надзея і мір застаюцца ў вас, няхай надзея і мір жывуць у Паўднёвым Судане!"- звярнуўся Францішак, перш чым прамовіць малітву Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

05 лютага 2023, 10:41

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >