Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: важна разуменне дару, атрыманага ў сакрамэнце сужэнства

Сужэнства – гэта не цырымонія, ідэал ці фармальнасць, а непарыўная рэальнасць і дабро для ўсіх, - адзначыў Папа падчас аўдыенцыі з нагоды інаўгурацыі новага судовага года Трыбунала Рымскай Роты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У Касцёле і ў свеце ёсць моцная патрэба нанава адкрыць значэнне і каштоўнасць сужэнскага саюза паміж мужчынам і жанчынай, на якім заснавана сям’я”, - зазначыў Францішак. Ён нагадаў, што “Касцёл атрымаў ад свайго Пана місію абвяшчаць Добрую Навіну, а яна асвятляе і падтрымлівае таксама тую “вялікую таямніцу”, якой з’яўляецца сужэнская і сямейная любоў”.

Папа падкрэсліў, што пакліканне мужчыны і жанчыны быць “адным целам” уключана ў “боскую задуму адкуплення”. “Сужэнства, паводле хрысціянскага Аб’яўлення – гэта не цырымонія, сацыяльная падзея ці фармальнасць; гэта нават не абстрактны ідэал: гэта рэальнасць з яе дакладнай непарыўнасцю, а не форма эмацыянальнага задавальнення, якую можна ўстанавіць любым спосабам і змяніць у залежнасці ад адчування кожнага”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў словы Хрыста: “што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мц 19,6), а таксама сцвярджэнне Другога Ватыканскага Сабора: “Бог з’яўляецца стваральнікам сужэнства” (Gaudium et spes, 48), што “можа быць аднесена да кожнага сужэнскага саюза”. Такім чынам менавіта Святы Дух стварае адзінства сужонкаў, а Хрыстус, Збаўца людзей і Жаніх Касцёла, выходзіць насустрач хрысціянскім сужонкам у сакрамэнце сужэнства. “Усё гэта вядзе нас да прызнання таго, што кожнае сапраўднае сужэнства, нават не сакрамэнтальнае, з’яўляецца Божым дарам для сужонкаў. Сужэнства – заўсёды дар!”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што “гэта цудоўная візія можа ўяўляцца ўтапічнай, бо, здаецца, ігнаруе чалавечую слабасць, зменлівасць чалавечай любові”. “Непарыўнасць часта ўспрымаецца толькі як ідэал, і, як правіла, пераважае менталітэт, згодна з якім сужэнства доўжыцца, пакуль існуе любоў. Але пра якую любоў ідзе гаворка? Таксама і тут часта прысутнічае неразуменне сапраўднай сужэнскай любові, зведзенай да сентыментальнага ўзроўню або да простага эгаістычнага задавальнення. Сужэнская любоў, наадварот, неаддзельная ад самога сужэнства, у якім чалавечая любоў, крохкая і абмежаваная, сустракаецца з Божай любоўю, заўсёды вернай і міласэрнай”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што сужэнства датычаць словы Хрыста: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так любіце адзін аднаго”. Пан падтрымлівае сужонкаў сваёй ласкай, а дар сужэнства патрабуе ад любові мужа і жонкі “пастаяннага ачышчэння і сталення, узаемнага разумення і прабачэння”, - зазначыў Францішак, заклікаючы не “ідэалізаваць сужэнства, як быццам яно існуе толькі там, дзе няма праблем”. “Трэба нанова адкрыць гэту непрамінальную рэальнасць сужэнства як повязі”, у якой жыве Бог, - дадаў ён.

Папа зазначыў, што на слова повязь “часам глядзяць з падазрэннем, нібы на вонкавае навязванне, цяжар, “пастку” супраць сапраўднасці і свабоды любові”. “Калі ж повязь разумець менавіта як повязь любові, то яна выяўляецца як сутнасць сужэнства, як Божы дар, які з’яўляецца крыніцай сапраўднай свабоды і які ахоўвае сужэнскае жыццё”, - сказаў Папа, заклікаючы ўносіць у “пастырства падрыхтоўкі да сужэнства і сужэнскае пастырства” элементы, якія “дапамагаюць не толькі ў сталенні любові, але таксама ў пераадоленні цяжкіх хвілінаў”.

Важна не абмяжоўвацца “толькі паказваннем каштоўных духоўных багаццяў, якія заўсёды прапануе Касцёл, але трэба паказваць таксама практычныя шляхі, парады, укаранёныя ў рэаліях, стратэгіі, узятыя з досведу, псіхалагічныя кансультацыі”, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што сужэнства з’яўляецца надзвычайным дабром для ўсіх: сужонкаў, сем’яў, Касцёла і чалавецтва, а таксама “галоўнай дарогай да святасці саміх сужэнцаў, святасці, якой жывуць у штодзённасці”. Ён адзначыў, што Касцёл, як пастыры, так і іншыя вернікі, павінны з любоўю і надзеяй суправаджаць і падтрымліваць сужэнскія пары, якія знаходзяцца ў крызісе, а пастырскім адказам Касцёла павінна быць актыўная перадача Евангелля сям’і.

“У гэтым сэнсе фундаментальным сродкам супрацьстаяння і пераадолення крызісаў з’яўляецца аднаўленне ўсведамлення дару, атрыманага ў сакрамэнце сужэнства, незваротнага дару, крыніцы ласкі, на якую мы заўсёды можам разлічваць. У складанасці канкрэтных сітуацый, якія часам патрабуюць супрацоўніцтва гуманітарных навук, гэта праліццё святла на сужэнства з’яўляецца важнай часткай працэсу прымірэння. Такім чынам крохкасць, якая заўсёды застаецца і таксама суправаджае сужэнскае жыццё, не прывядзе да разрыву, дзякуючы сіле Святога Духа”, - сказаў Францішак.
 

27 студзеня 2023, 12:38