Пошук

Папа бацькам і хросным: навучыце дзяцей значэнню хросту і малітве

У свята Хросту Пана, 8 студзеня 2023 года, Папа ўзначаліў святую Імшу ў Сікстынскай капэле, падчас якой удзяліў сакрамэнт хросту 13 нованароджаным.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сакрамэнт прынялі дзеці супрацоўнікаў устаноў Ватыкана і Святога Пасаду. Як заўсёды падчас гэтай цэлебрацыі Пантыфік прамовіў кароткую гамілію, даючы некаторыя парады бацькам і хросным.

“Дарагія бацькі, дзякуй, што прывялі сюды сваіх дзяцей, што дазволілі ім увайсці ў Касцёл. Гэта добры дзень. На жаль, мы забываемся, калі былі ахрышчаныя... Але гэта як дзень нараджэння, бо хрост дазваляе нам адрадзіцца да хрысціянскага жыцця. Таму я раю вам навучыць сваіх дзяцей даце хросту, як даце новага нараджэння: няхай яны памятаюць яе і кожны год дзякуюць Богу за ласку быцця хрысціянамі. Гэта заданне, якое я раю вам выканаць”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што з хростам дзеці пачынаюць шлях хрысціянскага жыцця, а дапамагаць ісці па ім – заданне хросных бацькоў. Ён заклікаў з самага маленства навучыць дзяцей малітве, “бо малітва будзе даваць ім моц на працягу ўсяго жыцця: у добрыя моманты – каб дзякаваць Богу, а ў кепскія – каб набрацца сілы”.

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў літургіі, падкрэсліваючы, што цэлебрацыя павінна стаць святам пачатку хрысціянскага жыцця ахрышчаных дзяцей.

Звычай хросту дзяцей супрацоўнікаў Святога Пасаду і ватыканскіх устаноў устанавіў святы Ян Павел 11 студзеня 1981 года падчас святой Імшы ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца. У 1983 годзе ён жа ўпершыню ўзначаліў літургію ў сценах Сікстынскай капэлы – месца, дзе праводзіцца канклаў, падчас якога кардыналы выбіраюць чарговага Наступніка святога Пятра.
 

08 студзеня 2023, 11:30