Пошук

Арцыбіскуп Эторэ Балестрэра Арцыбіскуп Эторэ Балестрэра 

Нунцый у Конга: візіт Папы мае на мэце залячыць раны людзей

Нунцый у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга лічыць, што візіт Святога Айца ў гэту краіну можа стаць “надзвычайным маральным умяшаннем”, патрэбным, каб пакласці канец войнам і гвалту.

Аляксанлр Панчанка – Vatican News

“Конга, якое будзе вітаць Папу, не з’яўляецца той самай краінай, якую сустрэў святы Ян Павел ІІ падчас свайго візіту 38 гадоў таму”, - сказаў арцыбіскуп Эторэ Балестрэра, нагадваючы, што з пачатку 1990-х гадоў там адсутнічае мір і трываюць войны, якія сталі прычынай гібелі мільёнаў жыхароў.

Нестабільная сітуацыя ў гэтай багатай мінераламі краіне паспрыяла ўзнікненню шматлікіх ваенізаваных груповак, якія тэрарызуюць насельніцтва. Менавіта па прычыне шматлікіх тэрактаў і ўзнаўлення баёў паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі была адменена паездка Папы ў Гому на ўсход краіны, хоць першапачаткова горад быў уключаны ў праграму візіту, - патлумачыў нунцый у інтэрв’ю агенцтву Reuters.

Папскі дыпламат зазначыў, што сітуацыя патрабуе нейкага “надзвычайнага маральнага ўмяшання”, якім можа стаць візіт Святога Айца. “У гісторыі гэтай краіны Касцёл заўсёды адыгрываў важную ролю ў будаўніцтве і ўмацаванні дэмакратыі, бо часта станавіўся выразнікам пытанняў, найбольш важных для мясцовага насельніцтва”, - падкрэсліў арцыбіскуп Балестрэра, дадаючы, што Францішак прыедзе ў Кіншасу, каб “суцешыць гэтых людзей і залячыць іх крывацёчныя раны”.

Каталіцкая супольнасць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая налічвае каля 50 мільёнаў чалавек, складае амаль палову з больш чым 105 мільёнаў яе жыхароў. Касцёл там падзелены на 48 тэрытарыяльных адзінак, аб’яднаных у 6 мітраполій, якія налічваюць каля 1640 парафій, амаль 8,7 тысяч пастырскіх цэнтраў. Епіскапат складаецца з 62-х іерархаў. Душпастырствам займаюцца каля 6,2 тысяч святароў, як дыяцэзіяльных, так і манахаў, каля 10,5 тысяч законніц, каля 1,3 тысяч законных братоў, амаль 77 тысяч катэхетаў. Да святарства рыхтуюцца больш за 4 тысячы чалавек.

У гэтай самай вялікай краіне Чорнай Афрыкі дзейнічае каля 13 тысяч каталіцкіх дзіцячых садкоў і пачатковых школ, якія наведвалі 5,6 мільёнаў дзяцей, звыш 5,4 тысяч сярэдніх школ з прыкладна 1,8 мільёна студэнтаў і 126 каледжаў і ўніверсітэтаў з больш чым 100 тысячамі студэнтаў. Каталіцкая служба аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі налічвае 395 шпіталёў, 1670 клінік, 28 лепразорыяў, 96 дамоў для састарэлых, інвалідаў і непаўналетніх, 212 дзіцячых дамоў, 82 сямейныя клінікі і 163 спецыяльныя выхаваўча-сацыяльныя цэнтры.
 

30 студзеня 2023, 09:56