Пошук

Сядзіба Рымскага вікарыяту Сядзіба Рымскага вікарыяту  (Dnalor 01)

Францішак рэарганізаваў Рымскі вікарыят: большая калегіяльнасць

6 студзеня 2023 года была абнародавана апостальская канстытуцыя In Ecclesiarum Communione, якая замяніла сабой Ecclesia in Urbe Яна Паўла ІІ з 1988 года. Новыя палажэнні абавязваюць з 31 студзеня 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўнае ў дакуменце – большая калегіяльнасць і большая прысутнасць Папы, як Біскупа Рыма, ва ўсіх важных душпастырскіх, адміністрацыйных і эканамічных рашэннях Рымскай дыяцэзіі. Ствараюцца новыя органы кантролю за фінансамі і злоўжываннямі, а паўнамоцтвы кіраўнічага персаналу ўсталёўваюцца на пяць гадоў; яны могуць быць прадоўжаны толькі на наступны пяцігадовы тэрмін, не больш.

Рэформа мае дакладную мэту: аднавіць “евангелізацыйны і сінадальны імпульс” у Рымскім вікарыяце, каб, як піша сам Папа, ён мог заставацца “ўзорным месцам камуніі, дыялогу, блізкасці, гасціннасці і празрыстасці на службе аднаўлення і душпастырскага росту Рымскай дыяцэзіі”.

Адно з найбольш сур’ёзных і тэрміновых абавязацельстваў Вікарыяту, паводле Францішка, – нагляд за гаспадарчым кіраваннем, яно павінна быць “разумным і адказным” і рэалізавацца “ў адпаведнасці з мэтай, якая апраўдвае валоданне дабротамі Касцёла”.

Асобна Пантыфік спыняецца на вышэйшых асобах Вікарыяту: кардынале-вікарыі, намесніку кіраўніка і дапаможных біскупах. Усе, піша ён, “прызначаюцца мною на нявызначаны тэрмін і звальняюцца з пасады маім рашэннем”.

Кардынал-вікарый з гэтага часу не будзе здзяйсняць важных ініцыятыў і прымаць рашэнняў, “якія выходзяць за межы звычайнага кіравання”, без папярэдняга паведамлення Пантыфіку.

У In Ecclesiarum Communione узмацняецца роля Біскупскай рады, якая становіцца “галоўным органам сінадальнасці” і “вярхоўным месцам распазнавання і душпастырскіх і адміністрацыйных рашэнняў”. Старшынстваваць ёй будзе Святы Айцец. Збірацца яна павінна як мінімум тры разы на месяц. Праграма сустрэч і іх пратаколы павінны дасылацца Пантыфіку.

Кардынал-вікарый у сваёй функцыі каардынацыі дыяцэзіяльнага душпастырства заўсёды дзейнічае ў еднасці з Біскупскай радай і пасля абмеркавання спраў з Папам. Біскупская рада таксама павінна будзе выказаць сваю згоду на прызначэнне капеланаў, пробашчаў і кіраўнікоў душпастырскіх службаў.

Новыя, вельмі падрабязныя, правілы ўводзяцца адносна працэдуры выбару новых пробашчаў. Тут будуць ацэньвацца іх духоўныя, псіхалагічныя, інтэлектуальныя, душпастырскія якасці і вопыт, набыты падчас папярэдняга служэння. Кандыдатаў на пасаду пробашча і віцэ-пробашча будуць прадстаўляць Пантыфіку для іх канчатковага вылучэння.

Апостальская канстытуцыя ўстанаўлівае новую Службу аховы непаўналетніх і ўразлівых асоб.

Новым намеснікам кіраўніка Рымскай дыяцэзіі Францішак прызначыў біскупа Бальдасарэ Рэйну.
 

07 студзеня 2023, 09:55