Пошук

Францішак назваў рысы сучаснага вучня-місіянера

Жыццё ў веры – гэта бесперапынны “зыход”, выхад з нашых ментальных схем і агароджы нашых страхаў, - заўважыў Папа, сустракаючыся 21 студзеня 2023 года з супольнасцю Папскага урбаніянскага калегіума.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адукацыйная структура была заснавана ў Рыме ў 1627 годзе з мэтай падрыхтоўкі місіянераў і вывучэння традыцый і звычаяў народаў, якія сталі вядомымі з новымі геаграфічнымі адкрыццямі.

Францішак адзначыў, што першай рысай місіянера павінна быць мужнасць сапраўднасці. “Фактычна, наша блізкасць да Бога і нашых братоў і сясцёр усведамляецца і ўмацоўваецца ў той ступені, у якой мы маем адвагу зняць з сябе маскі, якія носім, каб, магчыма, выглядаць дасканалымі, бездакорнымі і паважлівымі. Маскі не патрэбныя! Давайце станем перад іншымі без шырмаў, такімі, якія мы ёсць, са сваімі абмежаваннямі і супярэчнасцямі, пераадольваючы страх быць асуджанымі, бо не адпавядаем ідэальнай мадэлі, якая часта існуе толькі ў нашай свядомасці”, - звярнуўся Пантыфік.

Ён папрасіў настаяцеляў і студэнтаў не забывацца аб тым, “што мы вартыя даверу місіянеры не дзякуючы вопратцы, якую носім, ці знешняму стаўленню, а хутчэй дзякуючы стылю прастаты і шчырасці”.

Другая рыса, на якую звярнуў увагу Святы Айцец, – гэта здольнасць выходзіць па-за сябе. “Жыццё ў веры – гэта бесперапынны “зыход”, выхад з нашых ментальных схем і агароджы нашых страхаў, з дробнай упэўненасці, якая нас супакойвае”, - адзначыў ён, запрашаючы сваіх гасцей “жыць выклікам братэрства без страху, нават калі гэта патрабуе цяжкай працы і ахвяр”.

Чарговай важная рысай вучня-місіянера Францішак лічыць адкрытасць да дыялогу. У першую чаргу гаворка ідзе “пра дыялог з Богам у малітве, якая таксама з’яўляецца выхадам з нашага эга, каб прыняць Яго, калі Ён прамаўляе ў нас і слухае наш голас”, таксама пра “братэрскі дыялог, які адбываецца ў радыкальнай адкрытасці на іншага”.

“Не бойцеся прайсці ўвесь шлях, ідучы супраць плыні і дзелячыся Езусам, перадаючы веру, якую Ён даў вам”, - заклікаў Пантыфік семінарыстаў з Папскага калегіума.
 

21 студзеня 2023, 12:33