Пошук

Папа: трывалы спакой пацвярджае правільнасць прынятага рашэння

Прыкметам, якія пацвярджаюць правільнасць прынятага рашэння, прысвяціў Папа катэхезу, падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 снежня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У працэсе распазнавання важна заставацца ўважлівымі да фазы, якая ідзе непасрэдна пасля прыняцця рашэння, каб заўважыць прыкметы, якія пацвярджаюць яго правільнасць ці памылковасць, , - адзначыў Пантыфік, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны духоўнаму распазнаванню. Ён падкрэсліў, што адной з адметных рысаў “добрага духа” з’яўляецца “трывалы супакой, які прыносіць гармонію, адзінства, запал, руплівасць”.

Францішак паставіў у прыклад сітуацыю, калі чалавек вырашае прысвяціць дадатковыя паўгадзіны малітве, а потым заўважае, што ў выніку лепш перажывае іншыя моманты дня, становіцца больш спакойным, менш трывожным, выконвае сваю працу з большай увагай і задавальненнем, і нават яго адносіны з некаторымі складанымі людзьмі становяцца лягчэйшымі.

“Усё гэта важныя прыкметы, якія сведчаць аб правільнасці прынятага рашэння. Духоўнае жыццё мае кругавы характар: добрае рашэнне прыносіць карысць усім сферам нашага жыцця. Таму што гэта ўдзел у Божай творчасці”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што іншы крытэрый заключаецца ў адчуванні таго, што рашэнне было прынята “не з-за страху, эмацыйнага шантажу або прымусу, але з удзячнасці за атрыманае дабро, якое заахвочвае сэрца жыць у адносінах з Панам”. Яшчэ адзін важны элемент – усведамленне таго, што “займаем сваё месца ў жыцці і з’яўляемся часткай больш вялікай задумы, у якую жадаем унесці свой уклад”.

На думку Святога Айца, “чалавек можа прызнаць, што ён знайшоў тое, што шукаў, калі яго дзень становіцца больш упарадкаваным, калі адчувае ўзрастаючую інтэграцыю паміж сваімі шматлікімі інтарэсамі, калі ўсталёўвае правільную іерархію прыярытэтаў і перажывае ўсё гэта з лёгкасцю, адказваючы з абноўленай энергіяй і сілай духа цяжкасці, якія ўзнікаюць”.

Чарговым добрым знакам пацвярджэння правільнасці рашэння Пантыфік назваў факт “захавання свабоды адносна таго, што было вырашана, гатоўнасць зноў паставіць яго пад сумнеў, нават адмовіцца ад яго перад абліччам магчымых абвяржэнняў, спрабуючы знайсці ў іх магчымае навучанне ад Пана”.

“Гэта адбываецца не таму, што Бог хоча пазбавіць нас таго, што нам дорага, але каб жылі гэтым свабодна, без прывязкі. Толькі Бог ведае, што для нас па-сапраўднаму добра. Празмерная прывязанасць з’яўляецца ворагам дабра і забівае любоў: шматлікія выпадкі гвалту ў сям’і, пра якія, на жаль, мы часта атрымліваем навіны, амаль заўсёды ўзнікаюць з-за прэтэнзіі на валоданне любоўю іншага, з пошуку абсалютнай бяспекі, якая забівае свабоду і душыць жыццё, ператвараючы яго ў пекла”, - дадаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што “мы можам любіць толькі ў свабодзе, таму Пан стварыў нас свабоднымі, свабоднымі сказаць “не” нават Яму”. Ахвяраванне Богу таго, што нам найбольш дарагое, “дазваляе нам жыць гэтым найлепшым чынам і праўдзіва, як дарам Пана, ведаючы, што наша жыццё, як і ўся гісторыя, знаходзіцца ў Яго добразычлівых руках”, - сказаў запэўніў Святы Айцец, дадаючы, што гаворка ідзе пра боязь Божую, павагу да Бога, якая праганяе ўсе іншыя страхі.

“Распазнаванне гэтага вельмі важна для прыняцця правільнага рашэння і робіць упэўненымі адносна таго, што мы не можам кантраляваць або прадбачыць: здароўя, будучыні, блізкіх, нашых планаў. Важна, каб мы давяралі Пану сусвету, які бязмерна любіць нас і ведае, што з Ім мы можам пабудаваць нешта надзвычайнае, вечнае. Жыцці святых паказваюць нам гэта самым цудоўным чынам”, - сказаў Папа.

На завяршэнне Францішак заклікаў вернікаў ісці наперад, заўсёды намагаючыся прымаць рашэнні менавіта такім чынам: у малітве і з увагай да таго, што адбываецца ў нашым сэрцы.
 

07 снежня 2022, 10:42

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >