Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа на Сусветны дзень міру: вайна – вірус, які ўзнікае ў сэрцах

“Ніхто не можа збавіцца ў адзіночку. Пасля пандэміі COVID-19 пачаць нанова, каб разам пракласці сцежкі міру” – так гучыць тэма паслання Папы на 56-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2023 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Нават калі падзеі нашага існавання здаюцца такімі трагічнымі і мы адчуваем сябе зацягнутымі ў змрочны і цяжкі тунэль несправядлівасці і пакут, мы пакліканы трымаць нашы сэрцы адкрытымі для надзеі, давяраючы Богу, які аб’яўляецца, суправаджае нас з пяшчотай, падтрымлівае нас у нашых намаганнях і, перш за ўсё, накіроўвае наш шлях”, - падкрэсліў Францішак у дакуменце, абнародаваным 16 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Звяртаючы ўвагу на трагічныя наступствы пандэміі каронавіруса Папа заўважыў, што “людзі і грамадствы рэдка дасягаюць прагрэсу ў сітуацыях, якія спараджаюць пачуццё паразы і горычы: насамрэч, гэта аслабляе намаганні, накіраваныя на мір, і выклікае сацыяльныя канфлікты, расчараванні і рознага кшталту насілле”. “У гэтым сэнсе пандэмія, здаецца, узрушыла нават самыя мірныя раёны нашага свету, выявіўшы шматлікія слабыя месцы”, - з жалем дадаў ён.

Пантыфік перакананы, што “прыйшоў час задацца пытаннямі, навучыцца, узрасці і змяніцца як асобы і як супольнасць”. Ён заклікаў вынесці ўрок з пандэміі, якая паказала ўзаемазалежнасць усіх людзей, каштоўнасць агульначалавечага братэрства і той факт, што ніхто не можа збавіцца ў адзіночку.

“Мы таксама даведаліся, што давер да прагрэсу, тэхналогіі і наступстваў глабалізацыі быў не толькі празмерным, але ператварыўся ў індывідуалістычнае і ідалапаклонніцкае ап’яненне, падрываючы жаданыя гарантыі справядлівасці, згоды і міру”, - дадаў Папа.

З іншага боку пандэмія дапамагла адкрыць дабратворнае вяртанне да пакоры, скараціць некаторыя спажывальніцкія патрабаванні, абнавіць пачуццё салідарнасці, якая заклікае пераадолець эгаізм, каб адкрыцца на пакуты іншых і іх патрэбы.

“З гэтага досведу ўзнікла больш моцнае ўсведамленне, якое запрашае ўсіх, народы і краіны, зноў паставіць у цэнтр слова “разам”. Сапраўды, менавіта разам, у братэрстве і салідарнасці, мы будуем мір, забяспечваем справядлівасць, пераадольваем самыя балючыя падзеі. Фактычна, найбольш эфектыўна адказалі на пандэмію тыя сацыяльныя групы, дзяржаўныя і прыватныя інстытуты, міжнародныя арганізацыі, якія аб’ядналіся, каб адказаць на выклік, пакінуўшы ўбаку прыватныя інтарэсы. Толькі мір, які паходзіць з братэрскай і бескарыслівай любові, можа дапамагчы нам пераадолець асабістыя, сацыяльныя і глабальныя крызісы”, - адзначыў Папа.

Францішак падкрэсліў: калі здавалася, што ноч пандэміі пераадолена, на чалавецтва абрынулася новая страшная катастрофа. “Мы сталі сведкамі з’яўлення яшчэ аднаго бедства: яшчэ адной вайны, часткова параўнальнай з COVID-19, але, тым не менш, выкліканай згубнай чалавечай воляй. Вайна ва Украіне пажынае нявінныя ахвяры і сее нявызначанасць не толькі ў тых, каго яна непасрэдна закранае, але ва ўсіх, шырока і без разбору, нават у тых, хто за тысячы кіламетраў пакутуе ад яе пабочных наступстваў – дастаткова падумаць пра цэны на збожжа і на паліва”, - напісаў Святы Айцец.

“Безумоўна, гэта не тая паслякавідная эпоха, на якую мы спадзяваліся ці якую чакалі. Фактычна, гэта вайна, разам з усімі іншымі канфліктамі ва ўсім свеце, з’яўляецца паражэннем для ўсяго чалавецтва, а не толькі для непасрэдна ўцягнутых бакоў. У той час як супраць COVID-19 была знойдзена вакцына, для вайны яшчэ не былі знойдзены адэкватныя рашэнні. Безумоўна, вірус вайны цяжэй перамагчы, чым той, што паражае чалавечы арганізм, бо ён паходзіць не звонку, але знутры чалавечага сэрца, сапсаванага грахом (пар. Евангелле святога Марка 7, 17-23)”, - зазначыў Пантыфік.

У сувязі з гэтым Францішак заўважыў, што перш за ўсё, нашы сэрцы павінны быць “зменены надзвычайнай сітуацыяй, якую мы перажылі, гэта значыць, каб Бог перамяніў нашы звыклыя крытэрыі інтэрпрэтацыі свету і рэчаіснасці праз гэты гістарычны момант”.

“Мы больш не можам думаць толькі аб захаванні прасторы нашых асабістых ці нацыянальных інтарэсаў, але мы павінны думаць пра сябе ў святле агульнага дабра, з пачуццём супольнасці, або як “мы”, адкрытыя на паўсюднае братэрства. Мы не можам імкнуцца толькі да абароны саміх сябе: надышоў час узяцца за аздараўленне нашага грамадства і нашай планеты, ствараючы падмурак для больш справядлівага і мірнага свету, сур’ёзна адданага пошуку дабра, якое сапраўды будзе агульным”, - напісаў Святы Айцец.

“Каб зрабіць гэта і жыць лепш пасля надзвычайнай сітуацыі з COVID-19, нельга ігнараваць адзін ключавы факт: многія маральныя, сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя крызісы, якія мы перажываем, узаемазвязаны, і тое, што мы разглядаем як асобныя праблемы, на самай справе з’яўляецца прычынай аднаго або следствам іншага крызісу”, - сцвердзіў ён.

“Мы павінны перагледзець пытанне аховы здароўя для ўсіх; спрыяць міратворчым ініцыятывам, каб пакласці канец канфліктам і войнам, якія працягваюць спараджаць ахвяры і галечу; супольна клапаціцца пра наш агульны дом і ажыццяўляць выразныя і эфектыўныя меры па барацьбе са змяненнем клімату; змагацца з вірусам няроўнасці і забяспечыць ежай і годнай працай усіх, падтрымліваючы тых, хто не мае нават мінімальнага заробку і перажывае вялікія цяжкасці. Скандальны стан галодных народаў прычыняе нам глыбокі боль. Неабходна развіваць адэкватную палітыку прыёму і інтэграцыі, асабліва ў адносінах да мігрантаў і тых, хто жыве як адкінуты ў нашых грамадствах. Толькі прысвяціўшы сябе ў гэтых сітуацыях з альтруістычным жаданнем, натхнёным бясконцай і міласэрнай любоўю Бога, мы зможам пабудаваць новы свет і ўнесці свой уклад у пабудову Божага Валадарства, якое з’яўляецца Валадарствам любові, справядлівасці і міру”, - напісаў Святы Айцец.

“Дзелячыся гэтымі думкамі, я спадзяюся, што ў новым годзе мы зможам ісці разам, цэнячы тое, чаму можа навучыць нас гісторыя”, - зазначыў Папа, заклікаючы дзень за днём будаваць шчаслівы год, як рамеснікі міру.
 

16 снежня 2022, 10:12