Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для Хрысціянскага рабочага руху Папа падчас аўдыенцыі для Хрысціянскага рабочага руху 

Папа: моладзь павінна мець годныя працоўныя кантракты

Хрысціянскія супольнасці пакліканы быць уважлівымі да праблем рабочых, а моладзь павінна мець працоўныя кантракты, якія прадугледжваюць захаванне часу для сям’і, валанцёрства і адносін, - сказаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

9 снежня 2022 года Францішак прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў італьянскага Хрысціянскага рабочага руху. Аўдыенцыя была прымеркавана да 50-годдзя з дня заснавання гэтай арганізацыі. Папа заклікаў выкарыстаць юбілей у якасці нагоды для ачышчэння і новай сяўбы.

Ачышчэнне неабходна заўсёды, ва ўсіх сферай чалавечага жыцця. Мы грэшнікі і маем патрэбу ў міласэрнасці, як у паветры, якім дыхаем. Гатоўнасць навярнуцца, ачысціцца – гэта прыкмета адвагі, сілы, а не слабасці. Гаворка ідзе пра тое, каб прыняць навізну Духа, не чынячы перашкод”, - зазначыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей быць уважлівымі да знакаў часу і задумацца пра служэнне рабочым у сучасных абставінах, усведамляючы сацыяльныя змены, спрыяць экалагічнаму навяртанню і міратворчасці, дапамагаць рабіць распазнаванне ў эканамічнай, палітычнай і грамадскай сферах з крытэрыямі цэласнай экалогіі і братэрства.

“Вось падставы для новай сяўбы, якая вас чакае. Святкуючы, будзем глядзець наперад. Сапраўды, зараз не толькі час збіраць плады: гэта час для таго, каб зноў сеяць. Цяжкі перыяд, які мы перажываем, гэтага патрабуе. Пандэмія і вайна зрабілі сацыяльную атмасферу больш змрочнай і песімістычнай. Гэта заклікае вас быць сейбітамі надзеі”, - сказаў Папа.

Францішак пажадаў, каб хрысціянскія супольнасці былі ўважлівымі да клопатаў рабочых; каб рабочыя адчувалі сябе як дома ў парафіях, асацыяцыях, групах і рухах; каб да іх праблем ставіліся сур’ёзна; каб іх просьба аб салідарнасці была выслухана.

“Сацыяльная няроўнасць, формы рабства і эксплуатацыі, беднасць сем’яў з-за адсутнасці працы ці дрэнна аплачванай працы – гэта рэчаіснасці, да якіх трэба прыслухоўвацца ў нашым касцёльным асяроддзі. Заахвочваю вас трымаць свой розум і сэрца адкрытымі на працаўнікоў, асабліва бедных і безабаронных; даваць голас тым, хто яго пазбаўлены; не столькі турбавацца пра сваіх членаў, колькі быць закваскай у сацыяльнай структуры краіны, закваскай справядлівасці і салідарнасці”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што ніхто не павінен адчуваць сябе пазбаўленым працы. Ён заклікаў садзейнічаць жаночай працы, а таксама спрыяць уваходу ў свет працы маладых людзей, якія павінны мець годныя працоўныя кантракты, што прадугледжваюць захаванне часу для сям’і, валанцёрскай дзейнасці і клопату пра адносіны.

Спасылаючыся на сацыяльнае вучэнне Касцёла Пантыфік нагадаў, што субсідыярнасць і салідарнасць знаходзяцца ў фундаменце грамадства, якое не адчужае і спрыяе ўдзелу ўсіх у сваім жыцці. Ён заклікаў даць магчымасць сем’ям, кааператывам, прадпрыемствам і асацыяцыям рэалізаваць свае здольнасці і таленты. “Трэцяя сусветная вайна, якая працягваецца, дае нам зразумець, што абнаўленне прыходзіць знізу, дзе ёсць адносіны салідарнасці і даверу. Не дазволім пазбавіць адвагі новыя пачынанні прымірэння і братэрства”, - заклікаў Святы Айцец.
 

09 снежня 2022, 11:59