Пошук

Папа Францішак падчас інтэрв'ю італьянскаму Canale 5 Папа Францішак падчас інтэрв'ю італьянскаму Canale 5 

Папа: мець вялікае сэрца ў гэта сумнае, ваеннае Божае Нараджэнне

Папа спавядаецца кожныя пятнаццаць дзён і заўсёды радуецца магчымасці падзяліцца ласкавасцю з дзецьмі і пажылымі. Ён распавёў пра гэта ў інтэрв’ю італьянскаму Canale 5, якое выйшла ў эфір вечарам 18 снежня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гаворачы пра вайну ва Украіне і ў іншых частках свету Францішак нагадаў пра вялікую колькасць ахвяр і пра гора шматлікіх маці, якія атрымліваюць паведамленні аб гібелі іх сыноў на фронце. “Потым, таксама голад, холад – столькі ўсяго, што нясе табе вайна, разбурэнні. Гандаль зброяй. Індустрыя ўзбраенняў – гэта прамысловасць, якая замест таго, каб спрыяць развіццю чалавецтва, займаецца знішчэннем”, - сказаў Папа, дадаючы, што сёння нам “не хапае плачу па гэтых жорсткасцях”.

“Я прымаў тут шмат дзяцей з Украіны, якіх прыводзяць на аўдыенцыі. Ніхто з іх не ўсміхаецца, ніхто, яны вітаюцца, але ніхто не можа ўсміхнуцца. Хто ведае, што бачылі гэтыя дзеці…”, - з жалем дадаў ён.

Пантыфік прызнаўся, што перад абліччам шматлікіх праблем нашага часу, у прыватнасці эканамічных, яго непакоіць абыякавасць людзей і тое, што яны часта адводзяць позірк ад бедных. Ён заклікаў зменшыць калядныя выдаткі, нагадваючы, што сёлетняе “Божае Нараджэнне сумнае, Божае Нараджэнне ваеннае”.

“Калі ласка, майце вялікае сэрца і не хадзіце па крамах, быццам нічога не адбываецца. Абыякавасць – гэта тое, з чым нам трэба ўпарта змагацца, і вы, журналісты, маеце свайго роду місію – абуджаць сэрцы, каб не паддаваліся культуры абыякавасці”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы ўсведамляць гістарычны момант, які перажываем: што ёсць беднасць і галодныя дзеці, вымушаныя гуляцца з расійскімі ракетамі, што ёсць людзі, якія паміраюць з голаду.

Пантыфік выказаў занепакоенасць дэмаграфічнай зімой у Еўропе і распаўсюджваннем культуры, якая лічыць, што падарожнічаць ці набыць вілу, чым мець дзяцей. Святы Айцец звярнуў увагу на эфектыўнасць мер па падтрымцы сям’і ў Францыі, якія прывялі да росту нараджальнасці, дадаючы, што Італіі ў гэтай сферы яшчэ трэба зрабіць крокі наперад.

Папа выказваў пажаданне, каб спорт не губляў свайго аматарскага вымярэння, не станавіўся занадта камерцыйным. Ён пажадаў, каб пераможцы Чэмпіянату свету па футболе, святкавалі сваю перамогу з пакорай, а прайграўшыя, каб памяталі, што самае важнае – не перамога, а сумленная, “чыстая гульня”. Святы Айцец прызнаўся, што яго засмучае, калі пасля заканчэння матчу футбалісты не падаюць адзін аднаму руку.

“Спорт робіць вас больш высакароднымі, нават калі гуляем з мячом, зробленым з анучаў. Мы павінны дапамагаць развіццю спартыўнага духу, і я спадзяюся, што гэты чэмпіянат свету дапаможа нам аднавіць спартыўны дух, які робіць вас высакароднымі”, - сказаў ён.

Падводзячы вынікі дзесяцігоддзя пантыфікату Францішак, між іншым, звярнуў увагу на вялікую працу, якая была зроблена ў сферы ўпарадкавання ватыканскіх фінансаў, якая хоць не з’яўляецца самай важнай, але часта бывае навідавоку. Пантыфік адзначыў вялікую кампетэнтнасць аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла, па кіраўніцтвам якога праходзілі рэформы эканамічных структур. Ён са смуткам адзначыў, што гэты іерарх стаў ахвярай ачарнення ў сябе на радзіме. “Гэта вялікі чалавек і мы шмат чым абавязаны яму”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што яго найбольш кранаюць сустрэчы з хворымі дзецьмі, пакуты якіх для яго застаюцца таямніцай. Ён адзначыў, што заўсёды з радасцю дзеліцца ласкавасцю з дзецьмі і пажылымі людзьмі.

Пантыфік падкрэсліў, што адчувае сябе шчаслівым чалавекам. “Пан спадарожнічае мне, я адчуваю сябе пастырам, я здзяйсняю сваё пакліканне, я грэшнік. Заўтра прыйдзе спаведнік: кожныя 15 дзён прыходзіць адзін святы францішканін і адпускае мае грахі, але я шчаслівы, бо бачу, што Пан дапамагае мне ісці наперад”, - сказаў ён.

Францішак завяршыў размову віншаваннем з надыходзячым Божым Нараджэннем: “Я хачу прасіць кожнага з вас, хто слухае, каб Пан адарыў вас пяшчотай дзіцяці, каб мы не гублялі чалавечай ласкавасці, каб дапамагалі адзін аднаму, і каб Ён даў нам зорку, якая пакажа шлях, як тром каралям”, - пажадаў Святы Айцец.
 

19 снежня 2022, 09:51