Пошук

Каталіцкая школа ў Бостане. Ілюстрацыйнае фота Каталіцкая школа ў Бостане. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік акрэсліў сваё бачанне каталіцкай адукацыі

У лісце, скіраваным да ўдзельнікаў Сусветнага кангрэса каталіцкай адукацыі, які праходзіць з 1 па 3 снежня 2022 года ў Марсэлі, Папа акрэсліў сваё бачанне глабальнага і інтэгральнага навучання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак звярнуў увагу на прарочае вымярэнне паклікання Касцёла, якое выходзіць за рамкі перадачы канкрэтных ведаў і адкрывае на мудрасць, якая дазваляе ўзрастаць у чалавечнасці.

Святы Айцец падкрэсліў, што адукацыя для Касцёла заключаецца ў тым, каб даць голас Слову, якое з’яўляецца не толькі чалавечым, але і перавышае нас. Яна не абмяжоўваецца выключна канфесійным вымярэннем, але застаецца адкрытай да ўсіх галін ведаў і для ўсіх, хто іх шукае. Дзейнасць каталіцкай школы не можа абмяжоўвацца выкладаннем прадметаў, але павінна ўключаць і інтэгральнае фарміраванне чалавека. Гаворка ідзе пра тое, каб даць асобе магчымасць спазнаць сябе, прызнаць сябе істотай, здольнай любіць і быць любімай.

Каталіцкая школа не займаецца прапагандай і не выключае тых, хто думае інакш. Яна дае жыццёвыя ўрокі, у якія інтэгруюцца розныя элементы, і робіць гэта ў цесным супрацоўніцтве з іншымі ўдзельнікамі, такімі як сям'я і грамадства. Па словах Францішка, гаворка павінна ісці і пра імкненне будаваць масты з няверуючымі.

У каталіцкай школе варта натхняцца стылем навучання самога Езуса і спосабам, якім ён перадае місію сваім вучням. Яно грунтуецца адначасова на любові і паслухмянасці, вучэнні, якое нараджаецца з еднасці з паўсюдным і мясцовым Касцёлам.

На думку Папы, каталіцкая школа павінна быць дынамічнай – яна заклікана ісці наперад, аж да краю зямлі. Гаворка ідзе пра жаданне браць на сябе адказнасць за грамадскія праблемы, інтэлектуальную адкрытасць на новыя сітуацыі і канцэпцыі, уменне не выключаць нікога, ствараць месца для сустрэч і адаптаваць мову, каб прыцягнуць увагу тых, хто знаходзіцца далёка.
 

01 снежня 2022, 14:53