Пошук

Францішак падчас сустрэчы з навучэнцамі Саборнай семінарыі ў Барселоне Францішак падчас сустрэчы з навучэнцамі Саборнай семінарыі ў Барселоне 

Францішак да семінарыстаў: ваша багацце – цнота імя Езуса

“Вазьміце свой ружанец і прасіце Марыю, Каралеву і Маці Міласэрнасці, дапамагчы вам адкрыць таямніцы святарства”, - звярнуўся Папа 10 снежня 2022 года да навучэнцаў Саборнай семінарыі ў Барселоне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На самым пачатку Францішак звярнуў увагу семінарыстаў на дзве спакусы ў духоўным жыцці: засяроджанасці выключна на дрэнным, улічваючы толькі негатыўны вопыт, і спробах жыць у ідылічным і нерэальным свеце.

Прамову Пантыфіка натхніў Ружанец. “Памятайце, што калі вы станеце святарамі, вашым першым абавязкам будзе жыццё ў малітве, якая нараджаецца з падзякі за тую асаблівую любоў, якую Бог праявіў да вас, паклікаўшы да свайго служэння. Гэта першая радасная таямніца, з якой усё нараджаецца”, - заўважыў ён.

Святар, дадаў Папа, “не з’яўляецца валадаром душ праз срэбра і золата”, “яго багацце, яго моц – гэта выключна цнота імя Езуса”.

“У апошняй радаснай таямніцы ёсць вельмі важная ідэя для ўсяго вашага жыцця, ніколі не пакідайце яе, я маю на ўвазе Езуса, згубленага ў святыні, таго Езуса, да Якога трэба заўсёды вяртацца, шукаючы Яго ў табернакулюме. Згубіцеся там з Ім, чакаючы сваіх вернікаў”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на Балесныя таямніцы і нагадаў, што святарства – гэта прыняцця свайго крыжа і ахвяра жыцця. “Гледзячы на крыж, мы ўздымаем вочы да неба і бачым свой лёс. Вам гэта здаецца цяжкім? Гэта не так, дастаткова простых рэчаў: цвёрды ложак, вузкі пакой, мізэрны і бедны стол, ночы ля ложка паміраючага, ранняя пабудка, каб адчыніць касцёл перад адкрыццём бараў, і чаканне грэшнікаў і параненых на жыццёвым шляху, суправаджаючы самотнага Езуса”, - звярнуўся Папа да семінарыстаў.

“І мы падыходзім да Хвалебных таямніц, якія з’яўляюцца нашай падзякай за Імшу Езуса на крыжы. (...) Ніколі не гасіце таго агню, які зробіць вас бясстрашнымі прапаведнікамі Евангелля, распарадчыкамі Боскіх скарбаў. Злучыце сваё цела з целам Езуса, як Марыя, каб ахвяраваць сябе разам з Ім у эўхарыстычнай ахвяры, а таксама ў хвале Яго трыумфу”, - заклікаў ён сваіх маладых гасцей.
 

10 снежня 2022, 12:29