Пошук

Анёл Панскі: Адвэнт – гэта перыяд змены поглядаў

“Няхай Маці Божая возьме нас за руку ў гэтыя дні падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і дапаможа нам распазнаць у маласці Дзіцяці веліч Бога, Які прыходзіць”, - звярнуўся Папа да вернікаў 11 снежня 2022 года падчас сустрэчы на Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля, які чытаецца ў ІІІ Нядзелю Адвэнта (Мц 11, 2-11), дзе гаворка ідзе пра сумненні зняволенага Яна Хрысціцеля.

Гаворачы аб пытаннях Яна, Пантыфік адзначыў, што нават самы вялікі вернік праходзіць праз “тунэль сумневаў”. Гэта дапамагае нам зразумець, што Бог заўсёды большы, чым мы сабе ўяўляем. Цытуючы словы езуіта Анры дэ Любака, Святы Айцец падкрэсліў, што Бога “трэба адкрываць нанова паэтапна... часам думаючы, што мы Яго губляем”, і ніколі не замыкаць Яго ў нашых схемах.

Папа звярнуў увагу на тое, што сумненні Яна могуць быць і нашымі сумненнямі. У нас ёсць свае ідэі, прадузятасць, мы навешваем жорсткія ярлыкі на іншых – асабліва на тых, каго мы лічым непадобнымі на сябе.

“Мы таксама часам можам апынуцца ў яго сітуацыі, ва ўнутранай вязніцы, няздольныя распазнаць навізну Пана, Якога мы, магчыма, трымаем вязнем нашай саманадзейнасці, пераканання, што ўжо так шмат ведаем пра Яго. Можа быць, у нас у галаве магутны Бог, Які робіць тое, што хоча, замест Бога пакорнай лагоднасці, міласэрнасці і любові, Які ўдзельнічае ў нашым жыцці, заўсёды паважаючы нашу свабоду і наш выбар”, - звярнуў увагу Францішак.

“Такім чынам, Адвэнт – гэта перыяд змены поглядаў, калі трэба дазволіць сабе застацца пад уражаннем велічы Божай міласэрнасці. Перыяд, калі, рыхтуючы яслі для Дзіцятка Езуса, мы нанова спазнаем, кім з’яўляецца наш Пан; перыяд, калі мы пазбаўляемся пэўных шаблонаў і забабонаў супраць Бога і нашых братоў; час, калі замест таго, каб думаць пра падарункі для сябе, мы можам словамі і жэстамі суцяшаць параненых, як гэта рабіў Езус са сляпымі, глухімі і кульгавымі”, - сказаў Францішак перад тым, як памаліцца Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

11 снежня 2022, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >