Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: слухаць сучаснага чалавека, маючы сэрца Добрага Самараніна

Ісці шляхам сведчання, беднасці і місіі, - заклікаў Папа новае кіраўніцтва Міжнароднага форума Каталіцкай Акцыі, абранае падчас VII Асамблеі аб’яднання, якая прайшла 26-27 лістапада 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў арганізацыі, якая каардынуе дзейнасць аддзяленняў руху Каталіцкая Акцыя ва ўсім свеце, нагадваючы пра выклік пашырэння індывідуалізма і насілля паміж краінамі і братамі, што падрывае прагненне агульначалавечага братэрства. Аднак цяжкія часы могуць “ператварыцца ў часы надзеі”, калі будзем станавіцца знакам святла ў жыцці, а не пустэчы і смерці, - напісаў ён.

Папа пажадаў, каб арганізацыя ўзрастала ў сінадальнасці. “Нам трэба навучыцца слухаць адзін аднаго, нанава вучыцца мастацтву дыялогу з іншымі без бар’ераў і прадузятасцей, а таксама, і асаблівым чынам, з тымі, хто звонку, на ўзбочыне, каб шукаць блізкасці, што з’яўляецца Божым стылем”, - зазначыў Францішак.

Пантыфік заклікае новае кіраўніцтва Міжнароднага форума Каталіцкай Акцыі “быць мужчынамі і жанчынамі, якія ўмеюць слухаць”, не засяроджвацца празмерна на “інстытуцыйным структуралізме”, якому ўласціва праектаванне і арганізацыя на аснове статутаў, рэгламентаў і атрыманых у спадчыну прапаноў, калісьці добрых і карысных, але, магчыма, не значных сёння.

Неабходна мець адкрытыя вушы і сэрцы Добрых Самаранінаў, а ў першую чаргу быць уважлівымі да рэчаіснасці: “слухаць мужчын, жанчын, пажылых людзей, моладзь і дзяцей”, каб “не даваць адказаў на пытанні, якія ніхто не задае, або казаць словы, якія нікому не цікава пачуць”.

“Касцёл не можа заставацца на ўзбочыне гісторыі, заблытаўшыся ў сваіх справах, ён пакліканы слухаць і бачыць знакі часу, каб рабіць гісторыю, з яе складанасцямі і супярэчнасцямі, гісторыю збаўлення”, - напісаў Папа. На яго думку неабходна быць “прароцкім Касцёлам, са знакамі і жэстамі, якія паказваюць, што існуе іншая магчымасць суіснавання, чалавечых адносін, працы, любові, улады і служэння”, а для гэтага “гэта неабходна слухаць голас Святога Духа”.

“У кожную эпоху Дух адкрывае нас на Сваю навізну. Ён заўсёды вучыць Касцёл жыццёвай патрэбе выходзіць, фізіялагічнай патрэбе абвяшчаць, а не замыкацца ў сабе”. І ў той час як дух гэтага свету падштурхоўвае нас засяродзіцца толькі на ўласных праблемах і інтарэсах, на ўпартай абароне сваёй прыналежнасці і сваіх груп, Святы Дух “запрашае нас ісці старажытнымі і заўсёды новымі шляхамі: сведчання, беднасці і місіі, каб вызваліць нас ад саміх сябе і адправіць у свет”, - заўважыў Пантыфік, нагадваючы пра прыклад Панны Марыі, якая слухала, устала і пайшла служыць.
 

28 лістапада 2022, 09:40