Пошук

Аўдыенцыя для рэктараў і выхавацелей семінарый Лацінскай Амерыкі Аўдыенцыя для рэктараў і выхавацелей семінарый Лацінскай Амерыкі 

Папа: святарскае жыццё без малітвы вядзе да пасрэднасці

Пра патрэбу святара ў блізкасці з Богам, біскупам, іншымі святарамі і Божым народам, нагадаў Папа, дадаючы, што трыма рысамі пастыра з’яўляюцца блізкасць, ласкавасць і міласэрнасць.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 лістапада 2022 года ў Ватыкане быў абнародаваны зварот Францішка да ўдзельнікаў курсу для рэктараў і выхавацелей семінарый Лацінскай Амерыкі, арганізаванага Дыкастэрыяй па справах духавенства. Папа прыняў іх на аўдыенцыі днём раней. Ён уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы і падзяліўся з імі некаторымі думкамі пра святарскае служэнне.

Святы Айцец зазначыў, што пастыр павінен быць блізкім да Бога. “Ведайце, што святар, які не моліцца, ператвараецца ў бескарыснага”, - заўважыў ён, дадаючы, што адсутнасць малітвы ў святарскім жыцці вядзе да пасрэднасці, горшай за смяротны грэх, бо “смяротны грэх цябе палохае і ты адразу ідзеш спавядацца”, а пасрэднасць можа ператварыцца ў лад жыцця.

“Калі ласка, маліцеся сур’ёзна і прасіце тых, хто суправаджае вас духоўна, навучыць вас маліцца”, - сцвердзіў Пантыфік, падкрэсліваючы, што чым больш святар заняты, тым больш часу ён павінен вылучаць на малітву, каб дзякуючы ёй набліжацца да Пана.

Францішак адзначыў таксама важнасць святарскай сыноўскай блізкасці да біскупа, якая прадугледжвае належную павагу, а таксама блізкасці з іншымі прэзбітэрамі. У гэтым кантэксце ён заклікаў пазбягаць пляткарства і нараканняў, чаму трэба вучыць семінарыстаў.

Нарэшце Папа звярнуў увагу на патрэбу святара ў блізкасці да Божага народу. “Не забывайце свой народ і вучыце семінарыстаў адчуваць любоў да народу, з якога яны выйшлі. Яны не павінны лічыць сябе пазазямнымі істотамі, бо вывучаюць філасофію, тэалогію ці нешта падобнае, бо так яны стануць аддаленымі святарамі. Няхай яны не забываюць пра пах Божага народу, які з’яўляецца матывам іх знаходжання ў семінарыі”, - заклікаў рэктараў і выхавацелей семінарый Святы Айцец.
 

12 лістапада 2022, 09:20