Пошук

Францішак: суцяшэнне – вялікі дар для духоўнага жыцця

Пра значэнне суцяшэння ў працэсе духоўнага распазнавання распавёў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 лістапада 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што духоўнае суцяшэнне – гэта святло ў душы і вельмі важны элемент распазнавання. “Гэта перажыванне ўнутранай радасці, што дазваляе бачыць прысутнасць Бога ва ўсім; яно ўмацоўвае веру і надзею, а таксама здольнасць рабіць дабро. Чалавек, які адчувае суцяшэнне, не апускае рукі перад абліччам цяжкасцей, таму што адчувае супакой, мацнейшы за выпрабаванне. Таму гэта вялікі дар для духоўнага жыцця і для жыцця ў цэлым”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што духоўнае суцяшэнне – “гэта ўнутраны рух, які дакранаецца да глыбіні нас саміх”. Ён не кідкі, але мяккі і далікатны: “чалавек адчувае сябе агорнутым прысутнасцю Бога, заўсёды паважлівай да яго свабоды”. Гаворка не ідзе пра прымус волі ці “мімалётную эйфарыю”, бо нават пачуццё болю – напрыклад, за ўласныя грахі – можа стаць прычынай суцяшэння, - дадаў Пантыфік.

Папа нагадаў пра досвед, перажыты святым Аўгусцінам калі ён казаў сваёй маці Моніцы пра прыгажосць вечнага жыцця; пра дасканалую радасць святога Францішка, між іншым звязаную з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. “Падумаем пра шматлікіх святых, якія былі здольныя на вялікія справы, не таму, што лічылі сябе добрымі і здольнымі, але таму, што былі заваяваныя супакойваючай ласкавасцю Божай любові”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што менавіта такі спакой са здзіўленне заўважаў у сабе святы Ігнацый, калі чытаў біяграфіі святых, а таксама Эдыта Штайн, пасля свайго навяртання.

Францішак падкрэсліў, што духоўнае суцяшэнне звязана з надзеяй, скіравана ў будучыню, даючы магчымасць распачынаць ініцыятывы, якія да гэтага моманту адкладаліся. У той жа час суцяшэннем нельга кіраваць, яго нельга запраграмаваць па ўласным жаданні, яно з’яўляецца дарам Духа Святога: дазваляе блізкасць з Богам, якая нібы скасоўвае адлегласці.

Пантыфік нагадаў як святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, наведваючы базыліку Святога Крыжа Іерусалімскага ў Рыме ва ўзросце чатырнаццаці гадоў, спрабавала дакрануцца там да аднаго з цвікоў, якімі быў укрыжаваны Езус, бо адчула гэта жаданне як “парыў любові і даверу”.

“Чатырнаццацігадовая дзяўчынка дае нам цудоўнае апісанне духоўнага суцяшэння: яна адчувала пачуццё пяшчоты да Бога, якое робіць чалавека смелым у жаданні ўдзельнічаць у Яго жыцці, рабіць тое, што падабаецца Яму, бо адчуваем сябе блізкімі з Ім, адчуваем, што Яго дом – гэта наш дом, адчуваем сябе прынятымі, любімымі, абноўленымі”, - сказаў Папа, дадаючы, што дзякуючы такому суцяшэнню мы не скараемся перад абліччам цяжкасцей. “Насамрэч, з такой жа дзёрзкасцю Тэрэза прасіла ў Папы дазволу ўвайсці ў Кармэль, хоць і была занадта маладая, і яе просьба была выслухана”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа папярэдзіў таксама пра існаванне фальшывага суцяшэння. Ён заўважыў, што ў духоўным жыцці адбываецца нешта падобнае да таго, што адбываецца ў людской дзейнасці: ёсць арыгіналы, а ёсць падробкі. “Калі сапраўднае суцяшэнне падобнае да кроплі на губцы, яно пяшчотнае і ўнутранае, тады яго падробкі больш гучныя і кідкія, гэта ўспышкі, бессэнсоўныя, якія вядуць да замыкання ў сабе і няўвагі да іншых. Ілюзорнае суцяшэнне ў рэшце рэшт пакідае нас пустымі, далёкімі ад цэнтра нашага існавання”, - зазначыў ён.

“Вось чаму патрэбна распазнаванне таксама і тады, калі адчуваеш суцяшэнне”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што фальшывае суцяшэнне можа стаць небяспечным, “калі мы шукаем яго як самамэты, апантана і забываючыся на Пана”.

Пантыфік нагадаў словы святога Бернарда, які казаў, што тады “чалавек шукае суцяшэння Божага, але не шукае Бога суцяшэння”. Гэта дынаміка дзіцяці, якое шукае бацькоў толькі для таго, каб атрымаць ад іх нешта, але не дзеля іх самі. “Мы таксама рызыкуем жыць нашымі адносінамі з Богам інфантыльна, шукаючы выгады, зводзячы Яго да аб’екта для нашага выкарыстання і спажывання, страціўшы найпрыгажэйшы дар, якім з’яўляецца Ён сам”, - папярэдзіў на заканчэнне катэхезы Францішак.
 

23 лістапада 2022, 12:02

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >