Пошук

Ян XXIII падчас цырымоніі адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора Ян XXIII падчас цырымоніі адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора 

Святы Айцец: у цэнтры Сабора і Сінода – евангелізацыя

Папа напісаў прадмову да кнігі ксяндза Этарэ Мальнаці і Марка Ранкалі “Ян ХХІІІ. Другі Ватыканскі Сабор для свету”. Ён заўважыў, што выданне дапамагае зразумець значэнне сінадальнага шляху.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Другі Ватыканскі Сабор стаў ласкай для Касцёла і свету, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што яго плёны яшчэ не вычарпаны да канца. Сабор яшчэ не быў “цалкам зразуметы, перажыты і прыменены”. “Мы знаходзімся на шляху”, а яго фундаментальным этапам з’яўляецца Сінод, “які кліча нас выйсці за рамкі логікі “заўсёды рабілася так”, ужывання прывычных старых схем, рэдукцыйнасці, якая прыводзіць да жадання зводзіць усё да таго, што ўжо вядома і практыкуецца”, - дадаў ён.

На думку Пантыфік, дзякуючы кнізе, якая дапамагае ўбачыць як Сабор паступова змяняў жыццё Касцёла, можна глыбей асэнсаваць значэнне Сінода, які прадугледжвае слуханне, удзел і здольнасць стварэння прасторы для подыху Святога Духа, даючы Яму магчымасць весці нас.

Францішак адзначыў, што Сабор дапамог лепш зразумець важнасць Божага народа, “цэнтральнай катэгорыі, якая ўзгадваецца 184 разы ў саборавых тэкстах і дапамагае нам асэнсаваць той факт, што Касцёл – гэта не эліта святароў і кансэркаваных асоб і што кожны ахрышчаны з’яўляецца актыўным суб’ектам евангелізацыі”.

Пантыфік перакананы, што без змяшчэння евангелізацыі ў цэнтр усяго, нельга зразумець ні Сабор, ні сінадальны шлях. “Вялікі экуменічны сход быў натхнёны патрэбай новымі словамі сведчыць і абвяшчаць падзею смерці і ўваскрасення Езуса, Яго прысутнасць паміж нас. Тады свет аддаляўся ад хрысціянства і праяўляў абыякавасць, больш чым варожасць. Сабор нарадзіўся ад гэтага памкнення, гэтага пытання: як казаць пра Езуса сучасным людзям?”, - перакананы Папа.

“З таго часу мы прайшлі доўгі шлях, які не абышоўся без цяжкасцей і расчараванняў. Нават сёння мы рызыкуем упасці ў спакусу расчаравання і песімізму, калі будзем засяроджваць свой позірк на зле, якое раздзірае свеце, замест таго, каб глядзець на свет вачыма Езуса, гэта значыць лічыць яго полем жніва, дзе можна сеяць, з цярпеннем і надзеяй. Прасочваючы гісторыю Сабору і, перш за ўсё, перажываючы сучаснасць Сіноду з адкрытым і свабодным сэрцам, каб тыя, каго сустракаем, адчулі пяшчотнасць Бога і Яго блізкасць да ўсіх, гэта спосаб, праз які мы вучымся не падаць духам і адмаўляцца ад усіх спакус пакладання даверу выключна на сабе, сваё майстэрства і свае стратэгіі, каб пакінуць месца Яму”, - напісаў Пантыфік.
 

01 кастрычніка 2022, 12:06