Пошук

Падчас аўдыенцыі для чальцоў Фонду Centesimus Annus – Pro Pontifice Падчас аўдыенцыі для чальцоў Фонду Centesimus Annus – Pro Pontifice 

Францішак: сучасныя фінансавыя спекуляцыі сілкуюць вецер вайны

Зыходным пунктам інклюзіўнага росту з’яўляецца свабода ад пагоні за максімізацыяй прыбытку, - адзначыў Папа 8 кастрычніка 2022 года, сустракаючыся з чальцамі Фонду Centesimus Annus – Pro Pontifice.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку Францішка, “фінансавая дапамога бедным заўсёды павінна быць безадкладным вырашэннем, каб задаволіць пільныя патрэбы”, але сапраўдная мэта – “забяспечванне ім магчымасці годнага жыцця дзякуючы працы”.

Пантыфік перакананы, што “палітыцы працы на карысць найбольш уразлівых слаёў насельніцтва” перашкаджае “сусветная культура марнатраўства”. Вось чаму, лічыць ён, “будучыня патрабуе новага погляду, і кожны па-свойму пакліканы спрыяць гэтаму іншаму погляду на свет, пачынаючы ад людзей і сітуацый, з якімі ён сутыкаецца ў штодзённым жыцці”.

“Мы ўсе браты і сёстры, і калі я з'яўляюся ўладальнікам кампаніі, гэта не дае мне права глядзець на сваіх супрацоўнікаў з пагардай. Калі я – генеральны дырэктар банка, гэта не матыў забывацца пра тое, што да кожнага чалавека трэба ставіцца з павагай і клопатам”, - звярнуўся да сваіх гасцей Францішак.

Святы Айцец заклікаў людзей бізнесу бачыць у кожным чалавеку брата і сястру, “якіх варта паважаць у іх годнасці”, а не проста “кліента, з якім можна весці справы”. Толькі такім чынам удасца змагацца “са злом сучасных спекуляцый, якія сілкуюць вецер вайны”; “ніколі не глядзець ні на каго звысоку – гэта стыль кожнага міратворца”, - падкрэсліў ён.

Ватыканскі Фонд Centesimus Annus – Pro Pontifice праводзіў 6-7 кастрычніка 2022 года эканамічную канферэнцыю, на якую сабраліся эксперты з усяго свету. Мэта форуму пад назвай Інклюзіўны рост для выкаранення галечы і садзейнічання ўстойліваму развіццю і міру – паспрыяць пошуку новых мадэляў эканамічнага і сацыяльнага развіцця, натхнёных каталіцкім сацыяльным вучэннем.
 

08 кастрычніка 2022, 11:36