Пошук

Папа: сэрца нам кажа пра Бога, трэба навучыцца разумець яго мову

“Неад’емным інгрэдыентам” духоўнага распазнавання з’яўляецца наша гісторыя жыцця, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 кастрычніка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Наша жыццё – гэта самая каштоўная “кніга”, якая нам была ўручана, кніга, якую многія, на жаль, не чытаюць, ці пачынаюць чытаць занадта позна, на парозе смерці. І тым не менш, менавіта ў гэтай кнізе знаходзіцца тое, што людзі марна шукаюць іншымі шляхамі”, - зазначыў Папа, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны духоўнаму распазнаванню.

Пантыфік спаслаўся на досвед святога Аўгустына, “вялікага шукальніка праўды”, які прачытаўшы сваё жыццё, са здзіўленнем распазнаў прысутнасць Бога ў ім, а потым казаў: “Ты быў унутры мяне, а я – быў у знешнім і там шукаў Цябе”, і заклікаў чытачоў сваіх твораў: “Вярніся ў сябе. Ва ўнутраным чалавеку жыве праўда”.

“Вельмі часта таксама і мы мелі досвед Аўгустына, убачыўшы сябе зняволенымі ў думках, які аддалялі нас ад намі саміх, у стэрэатыпных пасланнях, які шкодзілі нам, напрыклад: “я нічога не варты”, “у мяне нічога не атрымліваецца”, “я ніколі не змагу зрабіць нічога добрага” і г.д. Гэты песімістычныя выразы знеахвочваюць нас. Чытаць уласную гісторыю значыць таксама распазнаваць прысутнасць гэтых “таксічных” элементаў, але для таго, каб затым пашырыць сюжэт нашай гісторыі, навучаючыся заўважаць іншыя рэчы, робячы яе больш багатай, паважаючы яе складанасць, здолеўшы таксама зразумець тактоўнасць, з якой Бог дзейнічае ў нашым жыцці”, - сказаў Святы Айцец.

Папа патлумачыў, што духоўнае распазнаванне падштурхоўвае здзяйсняць глыбокую рэфлексію над нашымі дзеяннямі, не засяроджваючыся на кожным з іх, але прачытваючы іх у больш шырокім кантэксце. Яно дапамагае задумацца пра тое, адкуль паходзіць тая ці іншая думка і куды яна вядзе. Позірк на жыццёвыя падзеі “дазваляе нам заўважаць каштоўныя дэталі”, - дадаў Пантыфік.

“Нешта прачытанае, зробленая каму-небудзь паслуга, сустрэчы, якія на першы погляд здаваліся не вельмі важнымі, з часам перадаюць унутраны спакой, перадаюць радасць жыцця і прапануюць чарговыя добрыя ініцыятывы. Спыняцца і заўважаць гэта – неад’емна для духоўнага распазнавання, гэта праца па зборы тых каштоўных і схаваных жамчужын, якія Пан пасеяў на нашай глебе”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што дабро – схаванае, ціхае, яно патрабуе павольнага і пастаяннага даследавання ўласнай душы, “таму што Божы стыль – тактоўны: Богу падабаецца прыходзіць непрыкметна, Ён не навязлівы; быццам паветра, якім дыхаем: мы не бачым яго, але яно дазваляе нам жыць, а звяртаем на яго ўвагу толькі тады, калі яго не хапае”, - сказаў Папа.

“Звычка перачытваць уласную гісторыю выхоўвае позірк, робіць яго вастрэйшым, дазваляе заўважаць маленькія цуды, якія Бог чыніць для нас кожны дзень”, - дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “чалавек, які не ведае свайго мінулага – асуджаны паўтараць яго”.

Святы Айцец заклікаў дзяліцца з іншымі людзьмі гісторыяй свайго жыцця, што з’яўляецца “адна з самых цудоўных і даверлівых форм камунікацыі”, а таксама адзначыў каштоўнасць жыццяў святых, знаёмства з якімі дапамагае распазнаваць стыль Бога ў нашым жыцці: дае магчымасць даведацца як Ён дзейнічае.

“Духоўнае распазнаванне – гэта наратыўнае прачытанне светлых і цёмных момантаў, суцяшэнняў і спусташэнняў, якія мы спазналі на працягу жыцця. Падчас распазнавання сэрца нам распавядае пра Бога, а мы павінны навучыцца разумець яго мову”, - зазначыў Пантыфік, заклікаючы вернікаў да практыкавання вячэрняга рахунку сумлення, каб навучыцца распазнаць тое, што адбываецца ўнутры нас.
 

19 кастрычніка 2022, 11:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >