Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: быць блізкімі да ахвяр вайны і маліцца аб пакаянні агрэсара

У Ватыкане быў абнародаваны змест размовы Папы са святарамі і семінарыстамі, якія вучацца ў Рыме. Яна прайшла 24 кастрычніка 2022 года за закрытымі дзвярыма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак адказаў на дзесяць пытанняў, якія тычыліся розных аспектаў святарскага жыцця і служэння. Ён заклікаў навучыцца мове жэстаў, якія выражаюць блізкасць і ласкавасць. Без гэтага можа зацвярдзець не толькі сэрца, але і розум, што будзе адлюстроўвацца ў гаміліях: яны стануць абстрактнымі, незразумелымі для людзей, у якіх будзе ўзнікаць спакуса выйсці з касцёла, - папярэдзіў Пантыфік, нагадваючы, што Божы стыль – гэта блізкасць, спагада і ласкавасць.

Папа адзначыў таксама важнасць захавання кантакту з Божым народам, асабліва для святароў, занятых вучобай або працай у курыі. Каб не згубіць “пах авечак” трэба падтрымліваць душпастырскі досвед у парафіі, у працы з моладдзю ці пажылымі людзьмі. Фундаментальна важна захоўваць блізкасць з Богам з дапамогай малітвы, блізкасць з біскупам, іншымі святарамі і Божым народам.

Святы Айцец заклікаў святароў не ўспрымаць сваё пакліканне як звычайную працу з вызначанымі працоўнымі гадзінамі, не шукаць камфортнага і бестурботнага жыцця, не разглядаць святарства як магчымасць зрабіць кар’еру. “Кар’ерыст – гэта ўрэшце рэшт здраднік, а не той, хто служыць. Ён шукае свайго і нічога не робіць для іншых”, - адзначыў Папа, дадаючы, што кар’ерысты выклікаюць смех. Для святара важна адзінства, удзел і місія, служэнне іншым, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак нагадаў пра важнасць духоўнага суправаджэння ў жыцці пастыра, якое варта даручыць не спаведніку, а іншаму чалавеку: святару, біскупу або нават законніцы ці мудраму свецкаму верніку. Важна мець духоўнае суправаджэнне, прызнаваць сябе патрабуючым яго, каб праясніць рэчы, каб зразумець уласныя духоўныя эмоцыі, жаданні Пана, а таксама адрозніваць іх ад спакусаў, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў святароў быць адкрытымі на пытанні, якія ставяць навукоўцы і якія турбуюць людзей. Мець веру – не значыць ведаць адказы на ўсё, - сказаў ён, заахвочваючы “пазбягаць супрацьстаяння па лініі рэлігія-навука”, быць гатовымі на дыялог, а ў некаторых выпадках не баяцца скіроўваць людзей за адказамі да навукоўцаў.

Пантыфік адзначыў неабходнасць разважлівага карыстання сучаснымі камунікацыйнымі тэхналогіямі, звяртаючы ўвагу таксама на небяспекі, прысутныя ў інтэрнэце, у прыватнасці на парнаграфію, праз якую д’ябал аслабляе душу і сэрца.

Падчас сустрэчы, святар з Украіны закрануў тэму вайны ў сябе на радзіме і спытаў Папу пра тое, якую ролю павінен сыграць Каталіцкі Касцёл і святары на гэтай тэрыторыі. Францішак нагадаў, што Касцёл – гэта Маці ўсіх народаў, а калі дзеці сварацца, маці пакутуе. Касцёл павінен пакутаваць перад абліччам вайны, плакаць, маліцца, дапамагаць людзям, якія пацярпелі, згубілі дом, атрымалі раненні, перажылі смерць блізкіх. “Касцёл – гэта Маці, яго роля ў першую чаргу заключаецца ў блізкасці з людзьмі, якія пакутуюць”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў таксама, што Касцёл павінен быць крэатыўным у справах міру, хоць “у дадзеным выпадку гэта не вельмі проста”. “Гэта праўда, што ёсць бацькаўшчына, гэта праўда, што мы павінны яе бараніць. Але трэба таксама ісці далей, да больш паўсюднай любові. Маці-Касцёл павінна быць блізкай да ўсіх ахвяр. Больш за тое, павінна маліцца аб пакаянні агрэсара, таго, хто прыйшоў разбурыць нашу радзіму і забіць нашых родных. Ці молімся мы аб гэтым? Гэта і ёсць хрысціянскае стаўленне. Твой народ вельмі пакутуе, я гэта ведаю, і я з вамі. Але маліцеся і за агрэсараў, бо яны – такія ж ахвяры, як і вы. Іх раны нябачныя – яны ў душы, а вы маліцеся, каб Пан навярнуў іх і каб наступіў мір. Гэта важна”, - сказаў Францішак.
 

27 кастрычніка 2022, 10:23