Пошук

Аўдыенцыя для групы прадпрымальнікаў з Іспаніі Аўдыенцыя для групы прадпрымальнікаў з Іспаніі 

Святы Айцец: эканамічнае навяртанне патрабуе перамены сэрцаў

Быць прарокамі справядлівасці, клапаціцца пра адносіны з Богам, ствараць працоўныя месцы і любіць бедных, - заклікаў Францішак дэлегацыю іспанскіх прадпрымальнікаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

17 кастрычніка 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі членаў Іспанскай канфедэрацыі асацыяцый маладых прадпрымальнікаў і Канфедэрацыі прадпрымальнікаў Галіцыі, адзначаючы, што ў актуальным кантэксце эканамічнай і сацыяльнай нераўнавагі трэба неадкладна прапанаваць эканамічную мадэль, здольную паспрыяць вырашэнню вялікіх праблем, якія перажываем на глабальным узроўні.

Святы Айцец заклікаў прадпрымальнікаў у першую чаргу да прароцтва, указваючы на прыклад біблійнага Амоса, які абвяшчаў справядлівасць, асуджаў прагу раскошы і багаццяў, якую мелі магутныя, у той час як прыгнечанай заставалася большая частка народу.

“У вельмі складаным кантэксце, як актуальны, пазначаны вайной і экалагічным крызісам, менавіта вам належыць развіваць ваша служэнне, можна сказаць, як прарокам, што абвяшчаюць і будуюць супольны дом, паважаючы ўсе формы жыцця, клапоцячыся пра дабро ўсіх і спрыяючы міру. Без прароцтва эканоміка, і ўся чалавечая дзейнасць у цэлым, з’яўляецца сляпой”, - сказаў ён.

Папа заахвоціў прадпрымальнікаў таксама дбаць пра адносіны з Богам, каб прыносіць шматлікія добрыя плёны. “Гераізм, якога сучасны свет патрабуе ад вас, можа быць устойлівым толькі калі будзе мець моцныя карані. Эканамічнае навяртанне стане магчымым толькі калі перажывем навяртанне сэрца; калі станем здольнымі думаць пра найбольш патрабуючых; калі навучымся ставіць агульнае дабро вышэй прыватнага; калі зразумеем, што голад любові і справядлівасці ў нашых адносінах з’яўляецца следствам недахопу ўвагі да нашых адносін са Стварыцелем, а гэта таксама ўплывае на наш агульны дом. Тады і, магчыма, толькі тады мы зможам адмовіцца ад шкодных дзеянняў, якія рыхтуюць сумную будучыню новым пакаленням. Памятайце, што развіццё адносін з Панам дазваляе мець моцныя карані, якія дапамогуць у праектах, якія вы хочаце распачаць”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа заклікаў прадпрымальнікаў думаць пра працу і беднасць. Неабходна спрыяць барацьбе з беднасцю праз стварэнне працоўных месцаў, а таксама весці сціплы лад жыцця. “Сродак якога мы патрабуем для перамогі над хваробай галечы: гэта праца і любоў да бедных”, - дадаў ён.

“Браты і сёстры, заахвочваю вас працягваць з крэатыўнасцю змяняць аблічча эканомікі, каб была больш уважлівай да этычных прынцыпаў і не забывала, што яе дзейнасць знахозіцца на службе людзям, не толькі некаторым, а ўсім, асабліва бедным. Таксама важна, каб эканоміка ўсведамляла, што не стаіць вышэй за прыроду, але павінна клапаціцца пра яе, бо ад гэтага залежаць будучыя пакаленні”, - падкрэсліў Францішак.
 

17 кастрычніка 2022, 11:40