Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: праца з моладдзю патрабуе прысутнасці і малітвы

Знаходзіцца побач з моладдзю і супрацоўнічаць з іншымі канфесіямі, - заклікаў Папа капеланаў школ з франкамоўнай часткі Швейцарыі – Рамандыі, якіх 7 кастрычніка 2022 года прыняў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа адзначыў важнасць суправаджэння моладзі на шляху да Бога, заахвочваючы святароў няспынна чэрпаць сілы з малітвы. “У ёй вы знойдзеце таксама ўнутраны імпульс, бо такая праца як ваша, паглынае шмат энергіі і можа знясіліць дух, калі не будзе жыццядайнага соку, якім Пан зараджае яго”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Кожны раз, калі адзін з вас далучаецца да двух ці трох маладых людзей, што знаходзяцца на шляху, калі слухае іх, чуе іх расчараванні, няўдачы, сумневы, якія носяць унутры, а потым распавядае ім пра Езуса Хрыста, абуджаючы ў іх сэрцах надзею – тады адбывацца нешта падобнае на досвед вучняў з Эмаўс. Гэта не залежыць ад вашага майстэрства: гэта сам Хрыстус прыходзіць, гэта дзейнічае Яго Дух; але важна, каб вы былі побач, неабходна ваша прысутнасць побач з імі”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец адзначыў таксама экуменічны аспект працы школьных капеланаў швейцарскай Рамандыі, дзе католікі і пратэстанты супрацоўнічаюць у душпастырскім суправаджэнні моладзі. “Гэта добра, гэта добрае сведчанне, яно можа дапамагчы Касцёлу ўзрастаць да больш поўнага адзінства, больш адпаведнага волі Хрыста Пана. Заклікаю вас працягваць ісці гэтым шляхам”, - сказаў Францішак.
 

07 кастрычніка 2022, 11:53