Пошук

Францішак з Касымам-Жамартам Такаевым Францішак з Касымам-Жамартам Такаевым 

Папа ў Казахстане: разумная свецкасць цэніць патэнцыял рэлігіі

Наш свет мае тэрміновую патрэбу ў дыялогу і адзінстве, аднаўленні гармоніі, - звярнуўся Папа 13 верасня 2022 года да казахстанскіх палітыкаў, дыпламатычнага корпуса і прадстаўнікоў грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на домбру і вакол яе сімволікі пабудаваў сваю прамову. Традыцыйны для Казахстана музычны інструмент з’яўляецца сімвалам “пераемнасці ў разнастайнасці”, “рытмам памяці ўсёй краіны”, і гэта асабліва важна “ў сувязі з хуткімі эканамічнымі і сацыяльнымі зменамі”.

Сёння варта не забывацца аб тым, што Казахстан, як адзначыў 21 год таму Ян Павел II, з’яўляецца “Зямлёй мучанікаў і вернікаў, Зямлёй дэпартаваных і герояў, Зямлёй мысляроў і мастакоў”. “Як не ўспомніць, у прыватнасці, лагеры для зняволеных і масавыя дэпартацыі, прыгнёт столькіх народаў, сведкамі якіх сталі гарады і бязмежныя стэпы гэтых зямель?” - звярнуўся Францішак.

На яго думку, менавіта “памяць пра перажытыя пакуты і выпрабаванні з'яўляецца неабходным багажом, каб ісці насустрач будучыні, ставячы на першае месца годнасць чалавека, кожнага чалавека, і кожнай этнічнай, сацыяльнай і рэлігійнай групы”.

Папа нагадаў, што на домбры іграюць, зашчыпваючы дзве струны. “Таксама і Казахстан характарызуе здольнасць рухацца наперад, ствараючы гармонію паміж "двума паралельнымі струнамі": суровыя маразы зімой і спякотнае лета; традыцыя і прагрэс” (...). Але, у першую чаргу, у гэтай краіне гучаць мелодыі двух душ – азіяцкай і еўрапейскай”, - звярнуў увагу ён.

Францішак выступіў у падтрымку “разумнай свецкасці, якая прызнае каштоўную і незаменную ролю рэлігіі і супрацьстаіць экстрэмізму”, “спрыяе развіццю пачуцця прыналежнасці да дзяржавы ў кожнага этнічнага, лінгвістычнага, культурнага і рэлігійнага кампанента”.

Ён адзначыў, што “рэлігіям неабходна свабода слова, таму што яны адыгрываюць незаменную ролю ў пошуку Абсалюту і сведчанні аб Ім”. Менавіта “рэлігійная свабода – лепшае асяроддзе для фарміравання грамадзянскай супольнасці”.

Пантыфік высока ацаніў адмену смяротнага пакарання ў Казахстане і назваў гэты крок “падкрэсліваннем каштоўнасці чалавечага жыцця, у імя права на надзею для кожнай чалавечай асобы”. Ён заклікаў “гарантаваць свабоду думкі, сумлення, слова, каб ва ўсіх была магчымасць адыгрываць у грамадстве ўнікальную ролю нароўні з іншымі”.

Грамадзянскія ўлады ў першую чаргу нясуць адказнасць за садзейнічанне агульнаму дабру, што выражаецца ў тым ліку і праз падтрымку дэмакратыі, якую Святы Айцец назваў “найбольш прыдатнай формай грамадскага ладу, дзе ўлада ажыццяўляецца ў служэнні на карысць усяго народа, а не толькі меншасці”.

Папа з задавальненнем успрыняў працэс дэмакратызацыі, які зараз рэалізуецца ў краіне, накіраваны на ўмацаванне кампетэнцый парламента і мясцовых улад, а ў цэлым, на большае размеркаванне ўлады. “Гэты цяжкі і, вядома, доўгі шлях варты пахвалы. Яго трэба прайсці не азіраючыся назад. Давер да ўлады ўмацоўваецца, калі абяцанні рэалізуюцца без карыслівых намераў і эфектыўна выконваюцца”, - заўважыў ён.

“У любой краіне дэмакратыя і мадэрнізацыя не павінны абмяжоўвацца заклікамі, а злучацца з канкрэтным служэннем народу. Добрая палітыка ў тым, каб слухаць людзей, адказваць на іх законныя патрабаванні, пастаянна ўцягваць у яе грамадзянскую супольнасць, няўрадавыя і гуманітарныя арганізацыі, звяртаць асаблівую ўвагу на працоўных, моладзь, самыя бедныя групы насельніцтва, а таксама – кожная дзяржава ў свеце мае патрэбу ў гэтым – змагацца з карупцыяй. Такі па-сапраўднаму дэмакратычны палітычны падыход – найбольш эфектыўны адказ на магчымы экстрэмізм, персаналізм і папулізм, якія пагражаюць стабільнасці і дабрабыту народаў”, - звярнуўся Пантыфік да прадстаўнікоў рэлігійных і грамадзянскіх улад, грамадскіх і культурных арганізацый Казахстана.

Францішак перакананы, што сёння ўзнікае ўсё большая і большая “неабходнасць дыпламатычных намаганняў для садзейнічання дыялогу і сустрэчы”, асабліва гэта тычыцца краін, якія з прычыны няўмення вырашаць праблемы без канфлікту перажываюць крызіс. Пантыфік лічыць, што свету патрэбны лідары, “якія, на міжнародным узроўні, маглі б садзейнічаць узаемаразуменню і дыялогу паміж народамі, і адрадзіць “Хельсінкскі дух”, імкненне ўмацоўваць мультылатэралізм, будаваць больш стабільны і спакойны свет, клапоцячыся аб новых пакаленнях”. А для гэтага неабходны “разуменне, цярпенне і дыялог з усімі”.

“Усявышні няхай благаславіць пакліканне Казахстана – Краіны сустрэчы – да міру і адзінства. (...) Рахмет! Няхай Бог благаславіць Казахстан!”, - завяршыў сваю прамову да мясцовых улад і замежных дыпламатаў, якія сабраліся ў канцэртнай зале Казахстан, Папа.
 

13 верасня 2022, 15:52