Пошук

Падчас сустрэчы Папы з пілігрымамі з італьянскіх дыяцэзій Падчас сустрэчы Папы з пілігрымамі з італьянскіх дыяцэзій 

Папа да італьянскіх вернікаў: будзьце ў пастаянным стане місіі

Наша задача ў тым, каб сёння жыць пошукам праўды ў штодзённым жыцці Касцёла, - звярнуўся Папа 17 верасня 2022 года да пілігрымаў з двух італьянскіх дыяцэзій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў вернікам Алесандрыйскай дыяцэзіі пра 450-ю гадавіну смерці святога Пія V, адзінага да гэтага часу Пантыфіка з П’емонта. Ён усяго за шэсць гадоў свайго пантыфікату ўзняў шматлікія душпастырскія і дзяржаўныя праблемы, стаў сапраўдным рэфарматарам Касцёла, робячы смелы выбар.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей быць асцярожнымі і не зводзіць дасягненні іх земляка да “настальгічнага”, “забальзамаванага” ўспаміну, зразумець сапраўднае значэнне яго вучэння і сведчання.

Спадчына Пія V запрашае сучасных католікаў заставацца “шукальнікамі праўды”. “Езус ёсць Праўдай не толькі ва ўніверсальным, але таксама ў супольным і асабістым сэнсе; і задача заключаецца ў тым, каб сёння жыць пошукам праўды ў штодзённым жыцці Касцёла, хрысціянскіх супольнасцей. Гэты пошук можа адбывацца толькі праз асабістае і супольнае распазнанне, пачынаючы са Слова Божага”, - звярнуў увагу Францішак.

Папа адзначыў, што “Слова Божае ажывае асабліва ў эўхарыстычнай цэлебрацыі, як на “стале слова”, так і на “стале эўхарыстыі”, дзе мы пэўным чынам дакранаемся да цела Хрыста”. “Святы Пій V удзельнічаў у рэфармаванні літургіі Касцёла, і пасля чатырох стагоддзяў Другі Ватыканскі Сабор ажыццявіў наступную рэформу, каб лепш адпавядаць патрэбам сучаснага свету”, - дадаў ён, нагадваючы, што гэты Пантыфік быў сапраўдным энтузіястам ружанцовай малітвы.

Святы Айцец запрасіў вернікаў Александрыйскай дыяцэзіі “ісці разам у душпастырскім аднаўленні”, якое цяпер рэалізуецца праз стварэнне новых душпастырскіх адзінак. Няхай “ўсе супольнасці будуць прыкладваць намаганні, каб ісці наперад па шляху душпастырскага і місійнага навяртання, якое не можа пакінуць усё так, як ёсць. Сёння мы не патрабуем звычайнага адміністравання. Давайце ж будзем ва ўсіх рэгіёнах зямлі ў пастаянным стане місіі”, - выступіў са зваротам Пантыфік.

На аўдыенцыі прысутнічала і група падлеткаў з дыяцэзіі Спалета-Норча, якія нядаўна атрымалі сакрамэнт канфірмацыі або рыхтуюцца да гэтага. “Хрысціянскае жыццё – гэта дом, які трэба пабудаваць. Вы родам з раёна, дзе шмат будынкаў было разбурана або пашкоджана землятрусам. Вы ведаеце розніцу паміж трывалым домам, які супрацьстаіць трасенню, і домам нестабільным, які разбураецца”, - спаслаўся на евангельскі вобраз Папа.

“Хлопцы і дзяўчаты, сёння благаслаўляю кожнага з вас стаць жывым каменем для будавання хрысціянскай супольнасці: жывым каменем у сям’і, жывым каменем у парафіі, жывым каменем у кампаніі сяброў, жывым каменем у спартыўным асяроддзі... Быць жывымі камянямі: гэта магчыма дзякуючы моцы Духа Святога, Які ў канфірмацыі ўмацоўвае вас як ахрышчаных, дзяцей Божых і чальцоў Касцёла. Таму, я пакідаю вам гэтыя два словы: хрост і камень, жывы камень. Ідзіце наперад: пабудуйце дом на камені!” - звярнуўся Францішак да італьянскіх вернікаў.
 

17 верасня 2022, 13:23