Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі Адукацыйныя ініцыятывы для мігрантаў і бежанцаў Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі Адукацыйныя ініцыятывы для мігрантаў і бежанцаў 

Пантыфік: адукацыйныя ўстановы – месцы сустрэчы і інтэграцыі

Этнічныя, моўныя і рэлігійныя адметнасці павінны лічыцца багаццем, а не перашкодай для супольнай будучыні, - сказаў Пантыфік педагогам і экспертам, якіх 29 верасня 2022 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Быць уважлівымі да прагненняў людзей, у першую чаргу маладых, якія былі вымушаны эміграваць, - заклікаў Святы Айцец удзельнікаў трохдзённай канферэнцыі Адукацыйныя ініцыятывы для бежанцаў і мігрантаў, якая прайшла ў Папскім грыгарыянскім універсітэце.

Пантыфік адзначыў важнасць рэфлексіі над прычынамі міграцыі і формамі насілля, якія падштурхоўваюць людзей адпраўляцца ў іншыя краіны. Ён нагадаў пра канфлікты і злоўжыванні прыродным асяроддзем, заклікаючы навукоўцаў дапамагчы кіраўнікам краін прымаць рашэнні на карысць абароны нашага супольнага дома.

Францішак адзначыў, што яшчэ трэба зрабіць шмат у сферы адукацыі для мігрантаў. “Важна працягваць даваць прыярытэт найбольш уразлівым. У гэтым сэнсе можа быць эфектыўным прапанаванне курсаў, якія будуць адпавядаць іх патрэбам, арганізацыя дыстанцыйных адукацыйных працэсаў, вылучэнне стыпендый, якія дазволяць ім пераехаць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы таксама важнасць прызнання дыпломаў мігрантаў і бежанцаў, каб іх праца прыносіла карысць краінам, якія іх прымаюць. “Школы і ўніверсітэты – прывілеяваныя месцы не толькі навучання, але таксама сустрэчы і інтэграцыі”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў развіваць ва ўніверсітэтах уважлівае стаўленне да міграцыйнага феномену, прадстаўляючы яго праз прызму справядлівасці, глабальнай суадказнасці і еднасці ў разнастайнасці. “Этнічныя, моўныя і рэлігійныя адметнасці павінны лічыцца багаццем, а не перашкодай для супольнай будучыні”, - сказаў ён, дадаючы, што “адукацыйныя ўстановы пакліканы быць месцамі гасціннасці, абароны, падтрымкі і інтэграцыі для ўсіх, не выключаючы нікога”.
 

29 верасня 2022, 11:35