Пошук

Папа падчас святой Імшы ў Матэры Папа падчас святой Імшы ў Матэры 

Святы Айцец у Матэры: будзем эўхарыстычным Касцёлам

Эўхарыстыя нагадвае пра першынства Бога і заахвочвае любіць братоў, - падкрэсліў Папа падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 25 верасня 2022 года ў паўднёваітальянскай Матэры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік здзейсніў аднадзённы візіт у гэты старажытны горад з нагоды закрыцця 27-га Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў тут з 22 верасня пры ўдзеле каля 800 дэлегатаў з 166 дыяцэзій Італіі. У літургіі са Святым Айцом, якая адбылася на матэрскім гарадскім стадыёне, бралі ўдзел больш за 12 тысяч чалавек.

У гаміліі Францішак прапанаваў паразважаць над евангельскім чытаннем, у якім Езус распавёў прыпавесць пра безыменнага багацея і жабрака Лазара (Лк 16, 19-31). Таямніца Эўхарыстыі, якой прысвечаны кангрэс, нагадвае пра першынства Бога, але багацей думаў толькі пра свой дабрабыт, задавальненне патрэбнасцей і бестурботнае існаванне. У яго жыцці не было месца для Бога, а яго тоеснасць вызначалася выключна дабротамі, якімі валодаў, - адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая сумная рэчаіснасць актуальная і для нашых дзён, калі блытаем, тое, кім з’яўляемся, з тым, што маем, калі ацэньваем людзей па іх фінансавым стане, грамадскай ролі, тытулах і нават па вопратцы, якую носяць. “Гэта рэлігія валодання і стварэння выгляду, якая часта пераважае на сцэне гэтага свету, але ў выніку пакідае з пустымі рукамі”, - сказаў Францішак, дадаючы, што адваротны прыклад дае Лазар: ён мае імя, якое азначае “Бог мне дапамагае”. Нягледзячы на галечу і адрынутасць, ён захоўвае сваю годнасць, бо жыве з Богам і моцна давярае Яму.

Папа зазначыў, што Эўхарыстыя няспынна заахвочвае пакланяцца Богу, а не самім сябе. Трэба паставіць у цэнтр Яго, а не марнасць уласнага “я” і памятаць, што “толькі Бог з’яўляецца Панам”, іншае – дар Яго любові. Неабходна нанава адкрыць для сябе малітву эўхарыстычнай адарацыі, якая вызваляе і вяртае годнасць Божых дзяцей, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што Эўхарыстыя заклікае таксама любіць братоў, бо эўхарыстычны Хлеб – гэта Сакрамэнт любові, у якім сам Хрыстус дорыць і ламае сябе дзеля нас, просячы рабіць тое самае, каб наша жыццё станавілася хлебам для братоў і сясцёр. Евангельскі багацей не справіўся з гэтай задачай, таму, толькі перакрочыўшы парог смерці ён заўважыў Лазара, ад якога яго аддзяляла цяпер “вялізная прорва”. Менавіта багацей выкапаў яе падчас свайго зямнога жыцця, і гэта прорва застанецца непераадольнай назаўсёды, - папярэдзіў Францішак.

“Наша вечная будучыня залежыць ад цяперашняга жыцця” і ад адносін да бліжніх. Несправядлівасць, няроўнасць, злоўжыванні моцных супраць слабых, абыякавасць да стогну бедных – гэта прорва, якую капаем штодзённа, паглыбляючы маргіналізацыю. Хрысціяне не могуць заставацца раўнадушнымі, а Эўхарыстыя – гэта “прароцтва аб новым свеце”, гэта прысутнасць Езуса, які заклікае нас да “сапраўднага навяртання ад раўнадушша да спагады, ад марнатраўства да шчодрасці, ад эгаізму да любові, ад індывідуалізма да братэрства”, - сказаў Папа.

“Мы марым пра такі Касцёл: эўхарыстычны, які складаецца з людзей, якія ламаюць сябе як хлеб для ўсіх прыгнечаных адзінотай і беднасцю, для прагнучых спачування і пяшчоты, для тых, якія згубілі надзею. Такі Касцёл схіляе калені перад Эўхарыстыяй і праслаўляе Пана, прысутнага ў хлебе; але таксама здольны схіляцца перад ранамі пакутуючых, уздымаць на ногі бедных, выціраць слёзы няшчасных, робячы сябе хлебам надзеі і радасці для ўсіх. Не можа быць сапраўднай эўхарыстычнай адарацыі без спагады да шматлікіх “Лазараў”, якія сёння ідуць побач з намі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў вярнуцца да смаку эўхарыстычнага хлеба і ўспомніць, што – хоць наша зямное існаванне прамінае – Эўхарыстыя апярэджвае абяцанне ўваскрасення і вядзе нас да новага жыцця, якое перамагае смерць.
 

25 верасня 2022, 11:39