Пошук

Кардынал П'етра Паралін у сядзібе ААН у Нью-Ёрку Кардынал П'етра Паралін у сядзібе ААН у Нью-Ёрку 

Дзяржсакратар у ААН асудзіў пагрозы ўжывання ядзернай зброі

Кардынал П’етра Паралін назваў вартымі адназначнага асуджэння пагрозы выкарыстання ядзернай зброі і заклікаў да рэфармавання структур ААН дзеля бяспечнай і мірнай будучыні чалавецтва.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у агульных дэбатах на высокім узроўні, якія адбыліся ў рамках адкрыцця 77-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Ён заўважыў, што ніколі з 1945 года ў свеце не было так шмат узброеных канфліктаў, як зараз. Каля двух мільярдаў чалавек пражывае на тэрыторыях, дзе адбываецца вайна, і амаль 828 мільёнаў пакутуе ад голаду, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на праблему з правамі чалавека ў свеце, заклікаў пакласці канец працэсу ўзбраення дзяржаў, пачаць казаць пра мір, а таксама павялічыць інвестыцыі ў адукацыю, галоўны рухавік цэласнага развіцця чалавека.

На думку бліжэйшага супрацоўніка Святога Айца, неабходна вярнуць давер да ААН праз рэфармаванне яе органаў, такіх як Рада Бяспекі. Кардынал заўважыў, што пастаянныя члены Рады Бяспекі маюць фундаментальную адказнасць за захаванне міру і сусветнага парадку.

“Калі няма агульнага бачання або палітычнай волі для мірнага суіснавання, а самі ахоўнікі міру ігнаруюць правілы, якія яны, як сцвярджаюць, падтрымліваюць, яны становяцца вінаватымі ў сур’ёзнай несправядлівасці. Кіраваная неўтаймаваным эгаізмам і логікай улады, сістэма з’яўляецца моцна пашкоджанай і знаходзіцца пад пагрозай”, - папярэдзіў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду, заклікаючы ставіць агульнае дабро вышэй за прыватныя інтарэсы дзеля бяспечнай і шчаслівай будучыні.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на вайну ва Украіне, якая “пагоршыла і без таго трывожныя глабальныя тэндэнцыі, уключаючы рост цэн на прадукты харчавання і паліва і павелічэнне колькасці перамешчаных асоб”. “Канфлікт таксама прывёў да рызыкі ядзернай эскалацыі, тэме, якая дзесяцігоддзямі заставалася ў значнай ступені па-за грамадскай свядомасцю”, - сказаў ён, дадаючы, што неабходны ўзгодненыя і тэрміновыя дзеянні, бо “вайна ва Украіне не толькі падрывае рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі, але і ставіць нас перад небяспекай ядзернага знішчэння, як у выніку эскалацыі, так і выпадковасці”.

Відовішча ядзернай дзяржавы, якая вядзе вайну з дзяржавай, што адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі, відавочна праігнараваныя, знеахвоціць іншыя ядзерныя дзяржавы ад адмаўлення ад гэтага віду зброі, ускладняючы шлях да свету без ядзерных узбраенняў, - сказаў кардынал Паралін, дадаючы, што “ўсякія пагрозы ўжывання ядзернай зброі з’яўляюцца агіднымі і заслугоўваюць адназначнага асуджэння”.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі выказаў заклапочанасць канфліктамі на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і на Каўказе, заклікаў да адзінства ў вырашэнні экалагічных праблем, да барацьбы з неналежным выкарыстаннем лічбавых тэхналогій і арганізаванай міжнароднай злачыннасцю. “Не” – свету, падзеленаму паміж сілам, што знаходзяцца ў канфлікце, “так” – свету, з’яднаных народаў і цывілізацыі, якія паважаюць адно аднаго”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
 

26 верасня 2022, 10:50