Пошук

Папа Францішак падчас сінадальнай Імшы. 10.10.2021 Папа Францішак падчас сінадальнай Імшы. 10.10.2021 

Святы Айцец: сінадальнасць – сутнасць Касцёла

Сінадальнасць належыць да сутнасці Касцёла і рэалізуецца “ў сустрэчы, слуханні адно аднаго і распазнаванні”, - напісаў Францішак у прадмове да ліпеньска-жнівеньскага нумара міжнароднага тэалагічнага агляду Communio.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы хочам быць чулымі і ўважлівымі да знакаў часу, ведаючы, што іх нельга блытаць з духам часу. Голас выкладчыкаў тэалогіі, пакліканых “разважаць і нанава даваць сведчанне аб таямніцы Бога”, таксама павінен быць пачуты”, - падкрэсліў Папа.

Сярод аўтараў, якія ў часопісе абмяркоўваюць канцэпцыі, звязаныя з будучым Сінодам Біскупаў і сінадальнасцю, і іх разуменне, кардыналы: Вальтэр Каспер, старшыня-эмерыт Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і Пэтэр Эрдо, Прымас Венгрыі; біскуп Стэфан Остэр з нямецкага Пасаў; былы кіраўнік Англіканскай Царквы Роуэн Уільямс; тэолагі: Астрыд Каптыйн, Ёханэс Ольдэман і Томас Зёдынг, а таксама былы палітык ХСС і былы старшыня Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў (ZdK) Ханс Маер.

Гэта важная для Касцёла тэма была ўзнята ў кантэксце працэсу рэформ у Каталіцкім Касцёле ў Германіі, вядомага як Сінадальны шлях, і Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, запланаванай на 2023 год у Рыме на тэму: На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія.

Кардынал Каспер звярнуў увагу на чаканні і расчараванні, звязаныя з папярэднімі Сінодамі Біскупаў на ўзроўні паўсюднага Касцёла і сінадальнымі працэсамі ў асобных дыяцэзіях або краінах пасля таго, як ідэя сінадальнасці была адноўлена на Другім Ватыканскім Саборы (1962-65). Ён падкрэсліў, што канцэпцыя большай сінадальнасці Францішка з’яўляецца “самай кансерватыўнай рэформай, якую толькі можна сабе ўявіць”. Сіноды і саборы з’яўляюцца часткай жыцця Касцёла з другога стагоддзя. “Сіноды заўсёды былі вырашальнымі ў цэнтральных пунктах гісторыі Касцёла”, - нагадаў нямецкі іерарх.

Біскуп Остэр згадаў свой досвед Сінода ў Рыме ў 2018 годзе і параўнаў яго з канцэпцыяй Сінадальнага шляху ў Германіі. Ён раскрытыкаваў тое, што на пасяджэннях у Франкфурце “ні на адным этапе не захавалася “абароненая прастора”, прызнаная Папам неабходнай для Сінодаў”. Затое “галоўныя дзеючыя асобы ў прэзідыуме” пастаянна фармулявалі патрабаванні і чаканні рэформ. Напэўна, “ніхто” з меншасці не адчуваў сябе “абароненым”, важнасць чаго падкрэслівае Францішак. Адносна зместу нямецкіх дэбатаў Біскуп Пасаў падкрэсліў, што “заўсёды гаворыцца пра навяртанне, але часцей за ўсё яно разумеецца як своеасаблівае навяртанне Касцёла ў яго структурах”.

Томас Зёдынг, тэолаг з Бохума і віцэ-старшыня ZdK, прадставіў іншую перспектыву. На яго думку, ужо першая асамблея нямецкага Сінадальнага шляху паказала, што “Каталіцкі Касцёл можа быць сінодам”. Уключылася шмат людзей, ва ўсім удзельнічалі біскупы, існуе таксама вялікая грамадская цікавасць. Паводле яго, абвінавачанне ў “пратэстантызацыі Каталіцкага Касцёла” памылковае ўжо па сваёй сутнасці.

Ацэнка нямецкага тэолага стала адказам на нядаўняе паведамленне старшыні ZdK Ірмэ Штэтэр-Карп аб тым, што сінадальная асамблея рыхтуе дакумент, у якім прапануецца заснаваць Раду Сінода ў якасці “кансультатыўнага органа і структуры, якая прымае рашэнні”, заснаванага па прынцыпе сістэмы кіравання ў Лютэранскай Царкве. Такім чынам, дыяцэзіяй кіраваў бы не біскуп, а сінадальная рада, у якую ўваходзілі б і свецкія асобы.

Арцыбіскуп-эмерыт Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс і нямецкі экуменіст Ёханэс Ольдэман апісалі ў сваіх тэкстах досвед сінадальнасці ў англіканстве і праваслаўі. Кардынал Эрдо засяродзіў увагу на сінадальных працэсах у першыя стагоддзі хрысціянства. Астрыд Каптыйн, якая выкладае Кананічнае права ў швейцарскім Фрыбургу, разгледзела ролю ў сінадальных працэсах адносна маладой структуры ў Каталіцкім Касцёле, якой з’яўляецца нацыянальная біскупская канферэнцыя. Ханс Майер паразважаў на тэму: чаму дзяржава і Касцёл могуць навучыцца адно ў аднаго.
 

18 жніўня 2022, 09:58