Пошук

Пілігрымы на плошчы святого Пятра Пілігрымы на плошчы святого Пятра 

Папа пра самае важнае: Украіна, спачуванні пасля аварыі, моладзь

7 жніўня 2022 года, пасля малітвы Анёл Панскі, Францішак звярнуў увагу вернікаў на некалькі важных для свету і Касцёла падзей, якія мелі месца на гэтым тыдні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Хачу выказаць сваё задавальненне выхадам з украінскіх партоў першых караблёў, гружаных збожжам. Гэты крок паказвае, што можна весці дыялог і дасягаць канкрэтных вынікаў, выгадных усім. Таму гэтую падзею можна ўспрымаць як знак надзеі, і я шчыра спадзяюся, што, ідучы такім шляхам, мы зможам пакласці канец баявым дзеянням і прыйсці да справядлівага і трывалага міру”, - заўважыў Папа.

Ён прызнаўся, што з болем успрыняў навіну аб дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося 6 жніўня 2022 года раніцай у Харватыі: некалькі польскіх пілігрымаў, якія ехалі ў Меджугор’е, загінулі, іншыя былі параненыя. “Няхай Маці Божая заступаецца за ўсіх іх і за іх сем’і”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу і на Еўрапейскую моладзевую пілігрымку. Падзея, якая завяршаецца ў Сант’яга дэ Кампастэла, была перанесена з мінулага года, які быў у Касцёле Кампастэліянскім Святым Годам. “З радасцю сардэчна благаслаўляю кожнага з маладых людзей, якія сталі ўдзельнікамі, благаслаўляю і тых, хто працаваў над арганізацыяй і суправаджэннем мерапрыемства. Няхай ваша жыццё заўсёды будзе падарожжам, падарожжам з Езусам Хрыстом, падарожжам да Бога і братоў, падарожжам у служэнні і радасці!”, - пажадаў Францішак.
 

07 жніўня 2022, 12:36