Пошук

Францішак падчас наведвання храма вальдэнсаў у Турыне. 22.06.2015 Францішак падчас наведвання храма вальдэнсаў у Турыне. 22.06.2015 

Папа напісаў да італьянскіх баптыстаў, метадыстаў і вальдэнсаў

Добры Пастыр жадае нашага адзінства, - такое перакананне выказаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Сінода італьянскіх баптыстаў, метадыстаў і вальдэнсаў, які распачаўся 21 жніўня 2022 года ў Торэ Пелічэ каля Турына.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

200 дэлегатаў удзельнічаюць у сумесным пасяджэнні вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў і Надзвычайнай асамблеі евангельска-баптысцкага саюза ў Італіі. Гэта пятая ў гісторыі сустрэча прадстаўнікоў трох канфесій і першая за 15 гадоў.

У сваім пасланні Пантыфік выказаў надзею на тое, што “позірк Езуса будзе ўсё больш і больш асвятляць” узаемныя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і гэтымі канфесіямі, спрыяючы “інтэнсіўнаму і братэрскаму” сумеснаму шляху.

“Мы – Яго вучні, якіх Ён, Добры Пастыр, хоча бачыць цалкам з'яднанымі. Перад абліччам сучаснага свету, пазначанага падзеламі, знясіленага войнамі, у якім пануе абыякавасць і эгаізм, нашым заданнем з’яўляецца сведчанне прыгажосці і плённасці гасціннасці, дзялення і любові”, - напісаў Папа.

Сёлетні Сінод прысвечаны выклікам, якія будуць стаяць перад пратэстанцкімі супольнасцямі ў будучыні. Арганізатары задумваюцца, якім будзе італьянскае грамадства праз 15 гадоў? Яны лічыць, што некаторыя рэчы лёгка прадбачыць: “мы станем больш беднай і няроўнай краінай, насельніцтва Італіі зменшыцца, сярэдні ўзрост будзе значна вышэйшым – нягледзячы на рост міграцыі, – інвестыцыі ў ахову здароўя яшчэ больш зменшацца – з разбуральным эфектам наступнай пандэміі, – працягнецца дэмантаж дзяржаўных школ і ўніверсітэтаў, клімат стане больш экстрэмальным”.

Унутры Цэркваў, як прагназуецца на афіцыйнай старонцы вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў, таксама адбудуцца значныя і не зусім аптымістычныя змены: у 2037 годзе зменшыцца колькасць вернікаў – з цяперашніх 20 тысяч да прыкладна 16 тысяч, пастараў – з 110 да прыкладна 90; сярэдні ўзрост вернікаў стане вышэйшым, а катэхезы для падлеткаў стануць “нерэгулярнымі мерапрыемствамі”; экуменічныя адносіны прасунуцца яшчэ на адзін крок наперад, але жыццё Цэркваў будзе ўсё менш і менш засяроджвацца на супольнасным вымярэнні і ўсё больш на прапанове дзейнасці “па патрабаванні” – у асноўным у інтэрнэце – і на дыяканіі супольнасці: задавальненні харчовых, медыцынскіх, сацыяльных і жыллёвых патрэб у сувязі з ростам колькасці людзей, выключаных з грамадскіх паслуг, у выніку іх дэмантажу і адцягнення дзяржаўных рэсурсаў на пераўзбраенне.

Сумеснае пасяджэнне вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў і Саюза баптыстаў у Італіі працягнецца да 26 жніўня 2022 года.
 

23 жніўня 2022, 10:34