Пошук

Папа да пажылых людзей: лепшае ў жыцці яшчэ наперадзе

Жыццё ўваскрослага цела будзе ў сто і тысячу разоў больш яскравым, чым тое, якое мы пакаштавалі на гэтай зямлі, - запэўніў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 жніўня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Завяршаючы цыкл катэхез прысвечаны старасці, Францішак нагадаў, што нядаўна ў Касцёле адзначалася ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, таямніца якога паказвае спаўненне Божай задумы адносна Маці Езуса, а таксама пралівае святло на наша, чалавечае прызначэнне.

Пантыфік заўважыў, што тэолагі заўсёды разважалі пра адносіны паміж ўнебаўзяццем Панны Марыі і смерцю. “Я думаю, што было б важней паказаць сувязь гэтай таямніцы з уваскрасеннем Сына, якое адкрывае кожнаму з нас шлях да жыцця. У боскім чыне ўз’яднання Марыі з Уваскрослым Хрыстом не проста пераўзыходзіцца звычайнае цялесная тленнасць чалавечай смерці: у ім прадвяшчаецца цялеснае прыняцце Божага жыцця; прадвяшчаецца наш лёс ўваскрашэння, бо, згодна з хрысціянскай верай, Уваскрослы – першародны сярод мноства братоў і сясцёр”, - сказаў Папа.

Нагадваючы словы Езуса да Нікадэма, Святы Айцец падкрэсліў, што ўваскрасенне – гэта “крыху як другое нараджэнне”, нараджэнне ў небе. Падобна таму, як пакінуўшы ўлонне маці, мы застаемся самімі сабой – тым жа чалавекам, які быў ва ўлонні – так і пасля смерці мы нараджаемся ў небе, у прасторы Бога, і гэта ўсё яшчэ мы, якія хадзілі па гэтай зямлі. “Аналагічным чынам адбылося з Езусам. Уваскрослы – гэта той жа Езус: Ён не губляе ні сваёй чалавечнасці, ні вопыту, ні нават сваёй цялеснасці, бо без гэтага Ён перастаў бы быць самім сабой”, - зазначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што, аб’яўляючыся сваім сябрам пасля смерці, Езус паказваў свае раны, але яны больш не былі слядамі пакутлівай смерці, а “незгладжальным доказам Яго вернай любові да канца”. “Уваскрослы Езус усім сваім целам жыве ў трынітарнай блізкасці Бога! І ў ёй Ён не губляе памяці, не адмаўляецца ад уласнай гісторыі, не разрывае адносіны, з якімі жыў на зямлі. Ён абяцаў сваім сябрам: “А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я” (Ян 14, 3), - сказаў Святы Айцец.

“Уваскрослы жыве ў Божым свеце, дзе ёсць месца для кожнага, дзе ствараецца новая зямля і будуецца нябесны горад, канчатковы дом чалавека. Мы не можам сабе ўявіць гэта перамяненне нашай смяротнай цялеснасці, але мы ўпэўненыя, што яно захавае пазнавальнымі нашы твары і дазволіць нам заставацца людзьмі ў Божым небе. Гэта дазволіць нам з узнёслымі пачуццямі ўдзельнічаць у бясконцым і шчаслівым багацці творчага чыну Бога, бясконцыя падзеі якога мы перажывем асабіста ”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Езус параўноўваў Божае Валадарства з вясельнай вячэрай, святам з сябрамі, працай, якая ўдасканальвае дом, нечаканасцю, што робіць ураджай багацейшым за сяўбу.

“Сур’ёзнае стаўленне да евангельскіх слоў пра Валадарства дазваляе нашай адчувальнасці атрымліваць асалоду ад дзейснай і творчай любові Бога і ўводзіць нас у гармонію з беспрэцэдэнтным прызначэннем жыцця, якое мы сеем. У нашай старасці, дарагія мае равеснікі, усё вастрэй адчуваецца важнасць многіх “дэталяў”, з якіх складаецца жыццё – ласкавага дотыку, усмешкі, жэсту, ацэненай працы, нечаканага сюрпрызу, шчырай гасціннасці, вернай сувязі. Самае галоўнае ў жыцці, што нам даражэй усяго, у непасрэднай блізкасці да нашага адыходу, становіцца для нас канчаткова зразумелым”, - сказаў Францішак, дадаючы, што гэта старэчая мудрасць асвячае жыццё дзяцей, моладзі, дарослых, цэлага грамадства. “Усё наша жыццё падобна на зерне, якое павінна трапіць у зямлю, каб прарасці і прынесці плод. Яно прарасце, як і ўсё іншае ў свеце. Не без пакут, не без болю, але прарасце. І жыццё ўваскрослага цела будзе ў сто і тысячу разоў больш яскравым, чым тое, якое мы пакаштавалі на гэтай зямлі”, - перакананы Францішак.

“Невыпадкова Уваскрослы Пан, чакаючы апосталаў на беразе возера, смажыў рыбу, а потым даваў ім. Гэты жэст клапатлівай любові дае нам зразумець, што нас чакае, калі мы пераплывем на другі бераг. Так, дарагія браты і сёстры, асабліва старэйшыя, лепшае ў жыцці яшчэ перад намі”, - падкрэсліў Папа, выказваючы пажаданне, каб “Маці Пана і наша Маці, якая апярэдзіла нас у раі, вярнула нам трымценне чакання” на сустрэчу з Панам.
 

24 жніўня 2022, 11:26

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >