Пошук

Французскія міністранты падчас сустрэчы з Францішкам Французскія міністранты падчас сустрэчы з Францішкам 

Папа да міністрантаў: вы можаце ганарыцца тым, што робіце

“Вы не ўяўляеце, наколькі вы можаце быць узорам, арыенцірам для многіх маладых людзей вашага ўзросту”, - звярнуўся Папа да міністрантаў з Францыі, якіх прыняў 26 жніўня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак заўважыў, што сёння маладым людзям “патрэбны нехта, хто б сказаў ім, што Езус іх ведае, што Ён іх любіць, што Ён прабачае ім, што Ён падзяляе іх праблемы, што Ён глядзіць на іх з пяшчотай, не асуджаючы іх”. І гэтым “нехта” могуць стаць міністранты, якія сваім энтузіязмам і непасрэднасцю маюць магчымасць паўплываць на сваіх аднагодак.

“Магчыма, у вас ёсць сябры, якія жывуць у цяжкіх раёнах або сутыкаюцца з вялікімі пакутамі, нават залежнасцямі; можа вы ведаеце маладых людзей, якія засталіся без бацькоў, мігрантаў або бежанцаў. Заахвочваю вас прымаць іх велікадушна, вызваляць іх ад адзіноты і сябраваць з імі”, - сказаў Пантыфік сабраным у Зале Паўла VI.

Яшчэ адна важная рэч, на якую звярнуў увагу маладых людзей Папа, – гэта адносіны з пажылымі, з бабуляй і дзядулем. “Шукайце свае карані, вучыцеся ведаць і любіць сваю культуру, сваю гісторыю, уступаць у праўдзівы дыялог з тымі, хто адрозніваецца ад вас, моцныя ў тым, хто вы ёсць, і паважлівыя да іншых”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак лічыць, што ва ўзросце яго гасцей трэба “закладаць трывалыя асновы для жыцця, якое ўзрастае ў Хрысце, будаваць цудоўныя сяброўскія адносіны, ставіць мэты для дасягнення”.

“Як прыемна бачыць маладых людзей, якія шчодра аддаюць сябе Божаму Валадарству, служачы Касцёлу! Гэта сапраўды добрая прыгода”, - прызнаўся ў завяршэнне сустрэчы з французскімі міністрантамі Папа.
 

26 жніўня 2022, 13:46